Сёння на 16.30 (паводле польскага часу) ў Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве запланаваная прысяга членаў урада Матэвуша Маравецкага, якому пасля выбараў прэзідэнт Анджэй Дуда даручыў місію сфарміравання новага Савета міністраў.
Міністр Малгажата Папроцкая (Małgorzata Paprocka)з Канцылярыі прэзідэнта заявіла, што з пункту гледжання кіраўніка дзяржавы асаблівае значэнне мае тое, хто ў новым урадзе будзе адказваць за абарону і знешнюю палітыку:
- Вельмі важная кандыдатура на пасаду міністра Нацыянальнай абароны, паколькі тут неабходная добрая супраца з прэзідэнтам па шматлікіх пытаннях. Гаворка ідзе пра камандаванне арміяй, прызначэнне генералаў, адпраўку вайсковых кантынгентаў за мяжу іг.д. У гэтай сферы трэба прымаць шматлікія рашэнні ў рамках супрацы, якая павінна мець станоўчы характар.
Пакуль склад новага ўрада невядомы. Старшыня правай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заявіў у размове з агенцтвам PAP, што гэта будзе ўрад экспертаў. Палітык падкрэсліў, што гэта яго ідэя. «Мы хочам запрапанаваць новыя твары», – дадаў Яраслаў Качыньскі.
З моманту прызначэння ўрада прэм'ер-міністр мае два тыдні, каб прадставіць праграмную прамову і атрымаць вотум даверу ў Сейме.
Калі ўрад Матэвуша Маравецкага не набярэ абсалютнай большасці, паколькі апазіцыйная кааліцыя прагаласуе супраць, тады новага прэмʼер-міністра будзе выбіраць Сейм. Кандыдатам ад апазіцыйнай парламенцкай большасці на згаданую пасаду з’яўляецца былы прэм’ер Дональд Туск.
IAR/аз