Беларуская Служба

Польшча крытыкуе спробы Бруселю зрабіць выключэнні з чарговага пакета санкцый ЕС супраць Расіі

30.11.2023 06:45
Польшча таксама лічыць неабходным увесці супраць Беларусі такія ж санкцыі, як і супраць Расіі. У Бруселі ідзе праца над чарговым, 12-м, пакетам санкцый Еўрасаюза супраць Расіі.
Анджэй СадосьPoland in the EU/Twitter

Польшча раскрытыкавала ў Бруселі спробы ўвесці выключэнні з чарговага пакета санкцый ЕС супраць Расіі. Амбасадар Польшчы ў ЕС Анджэй Садось заявіў сваім калегам, што прапановы некаторых краін заходзяць занадта далёка і аслабляюць будучыя і існыя абмежаванні.

У Бруселі ідзе праца над чарговым, 12-м, пакетам санкцый Еўрасаюза супраць Расіі.

Амбасадар Польшчы ў ЕС Анджэй Садось паведаміў, што Польшча скептычна ставіцца, у тым ліку, да выключэнняў для імпарту сырой нафты і нафтапрадуктаў з Расіі, якія падаўжаюцца. Ён адзначыў, што гэта супярэчыць агульнаму прынцыпу забароны на імпарт нафты з Расіі, наконт чаго краіны-члены пагадзіліся ў чэрвені мінулага года.

Садось заявіў, што ЕС павінен працаваць над тым, каб спыніць усялякае выкарыстанне расійскай сырой нафты, даходы ад якой забяспечваюць бюджэт Расіі, які выкарыстоўваецца ў вайне ва Украіне.

На думку Польшчы, санкцыі павінны быць больш шырокімі. Польскі дыпламат паўтарыў, што надзвычай важна падоўжыць забарону на імпарт звадкаванага газу, каб гэтую забарону не абысці.

Польшча таксама лічыць неабходным увесці супраць Беларусі такія ж санкцыі, як і супраць Расіі, бо гэтая краіна з'яўляецца транзітнай краінай для расійскага звадкаванага газу.

Падчас сустрэчы польскі дыпламат таксама павінен быў закрануць пытанне аб захаванні па-за санкцыямі расійскіх алмазаў.

PAP/вх