Беларуская Служба

Больш спраўную сістэму рэгістрацыі на візу ў польскім консульстве ў Беларусі прыйдзецца пачакаць

07.08.2024 10:29
"Мы працуем над гэтым, але пакуль не ўкаранілі", прызнаўся Сікорскі.
Радаслаў Сікорскіarchiwum PAP/Marcin Obara

Кіраўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў, што Польшча "нязменна" раздзяляе беларускі рэжым і грамадства. У інтэрв'ю журналістам "Люстэрка" Сікорскі адзначыў, што "новы ўрад Польшчы на просьбу беларускай апазіцыі паклапаціўся пра тое, каб санкцыі Еўрапейскага Саюза хаця б у дачыненні да ўвозу прыватных аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй інтэрпрэтаваліся такім чынам, што беларусам дазваляецца заязджаць на іх у Польшчу і Еўрапейскі Саюз, у той час як расійскія грамадзяне такой прывілеі не маюць".

Сікорскі аднёсся да праблем з выдачай польскіх віз. Сказаў, што "існуе злачынная практыка гандлю месцамі ў чарзе, а гэта патрабуе змяненняў у электроннай сістэме, укараненне якіх сапраўды займае фрустравальна шмат часу". Міністр перакананы, што калі месца ў чарзе будзе персаналізаванае, яго будзе немагчыма прадаць. "Мы працуем над гэтым, але пакуль не ўкаранілі", прызнаўся Сікорскі.

Кіраўнік польскай дыпламатыі падкрэсліў, што Польшча ўносіць "змяненні ў візавыя працэдуры ў цэлым". У ліку наведзеных змяненняў сказаў пра скасаванне праграмы Poland. Business Harbour, якая першапачаткова прызначалася для IT-спецыялістаў. Па словах Радаслава Сікорскага праграма "была толькі шчылінай для атрымання візаў". "Мы разабраліся з пытаннем гуманітарных візаў. Літаральна нядаўна я падпісаў новыя правілы пра візы для студэнтаў", сказаў Сікорскі. Міністр замежных справаў адзначыў, што Польшча падняла цэны на візы, "бо яны былі аднымі з самых танных у Шэнгенскай зоне".

яс