Польшча можа запрапанаваць будучай аперацыі па стабілізацыі сітуацыі ва Украіне шырокі спіс кампетэнцыяй, звязаных перш за ўсё з размяшчэннем войск і лагістычнай падтрымкай, сказаў начальнік Генеральнага штабу Войска Польскага генерал Веслаў Кукула.
Ён адзначыў, што аперацыя будзе шматмернай. Канчатковы выгляд будучай місіі будзе залежаць ад таго, як пройдуць і завершацца перамовы аб спыненні агню ва Украіне, сказаў генерал.
«Польшча прыме такі ўдзел, які ўжо заяўлены палітычна. Гэта значыць, мы не будзем накіроўваць нашых вайскоўцаў на тэрыторыю Украіны. Але мы разумеем, што без удзелу Польшчы правесці такую аперацыю немагчыма, улічваючы наша геаграфічнае размяшчэнне. Мы мяжуем з Украінай, і менавіта з Польшчы ва Украіну праходзіць найбольш зручная сетка дарог, сетка камунікацый і лагістычных шляхоў», — паведаміў Веслаў Кукула.
Дыскусія аб магчымай міратворчай місіі ва Украіне адбылася ў рамках сустрэчы прадстаўнікоў еўрапейскіх армій у Лондане. Генералы абмеркавалі, у прыватнасці, пытанні ўмацавання вайсковага патэнцыялу Еўропы і падтрымкі ўкраінскай арміі.
У рамках планавання розных варыянтаў будучай міратворчай місіі некаторыя краіны ўжо выказалі гатоўнасць накіраваць войскі ва Украіну. Пра гэта заявілі, у прыватнасці, Аўстралія, Вялікабрытанія, Партугалія, Ірландыя, Францыя, Данія, Турцыя і Швейцарыя.
вс