Шэсці, канцэрты, сустрэчы, спектаклі і малітва за беларускі народ. Беларусы Польшчы пачынаюць святкаванне Дня Волі - 107-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Народная Рэспубліка абвясціла сваю незалежнасць 25 сакавіка 1918 года. Рэжым Лукашэнкі не прызнае гэтай даты, а любая згадка пра БНР можа закончыцца турэмным зняволеннем. У Беларусі святкаваць Дзень Волі нельга, але паўсюль, дзе жывуць беларусы, праходзяць прынагодныя мерапрыемствы.
У межах урачыстасцяў, 23 сакавіка ў Варшаве зладжана святочнае шэсце, а ў Беластоку ў храме святога апостала Іаана Багаслова прайшоў малебен за беларускі народ. Беларускія арганізацыі ў Беластоку таксама запланавалі канцэрт на пляцы каля ратушы з удзелам культавага беларускага рок-музыкі Лявона Вольскага, а таксама выступ Клубу гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863». Пачатак у 15:30.
У аўторак у рамках асноўных святкаванняў 107-й гадавіны БНР, у Беластоку пройдуць сімвалічны прабег з нагоды Дня Волі і ўрачысты канцэрт «Беларускія маршы і гімны. Лірыка барацьбы» ў выкананні Міжнароднага мужчынскага хору UNIA з Вільні. Завершыцца святкаванне Дня Волі ў сераду, 26 сакавіка, канцэртам NaviBand.
нг