Традыцыйна, калі беларусы адзначаюць святы ў Познані, яны збіраюцца побач з помнікам Адаму Міцкевічу. Адтуль калона з бела-чырвона-белымі сцягамі праходзіць праз цэнтральную частку горада і накіроўваецца да Плошчы Волі.
Сёлета калона была нешматлікай, але даволі гучнай. Увесь час раздаваліся воклічы «Жыве Беларусь!», «Лукашэнку ў аўтазак!». Палякі добразычліва ўсміхаліся, а ўдзельнікі акцыі раздавалі ім улёткі, адмыслова падрыхтаваныя на польскай мове, у якіх выказвалася падзяка за тое, што Польшча стала другім домам для многіх беларусаў.
На Плошчы Волі адбыліся некалькі невялікіх выступаў пра гісторыю БНР і значэнне Дня Волі. Галоўны пасыл усіх прамоўцаў быў адзін: дзе б ні былі беларусы, у якой бы частцы свету яны ні знаходзіліся, галоўная задача цяпер — захаваць незалежнасць краіны. Вось як тлумачыць адна з выступоўцаў, чаму яна сёння прыйшла на Плошчу Волі:
— Дзень Волі — гэта дзень, калі беларусы зрабілі першую спробу абвясціць сваю незалежнасць, заявіць, што мы ёсць, што мы асобная нацыя. І гэта свята, якое мы павінны адзначаць. І калі нашы суайчыннікі не могуць рабіць гэта ў Беларусі, то мы проста абавязаны рабіць гэта тут.
Затым адбыўся канцэрт: малады паэт чытаў свае патрыятычныя вершы, бард выканаў «Красуню Вясну», а ўсе ахвотныя ўзяліся за рукі і станцавалі беларускую польку. Нарэшце перад прысутнымі выступіла візітоўка беларусаў Познані — хор «Познаньскі спеўны сход».
Палякі з цікавасцю падыходзілі, задавалі пытанні, слухалі беларускія песні. На пляцы працавалі польскія журналісты з некалькіх выданняў. Беларусы раздавалі ўсім жадаючым цёплую гарбату з печывам. Атмасфера была сапраўды святочнай, хоць людзей сабралася не так шмат, але гэта нікога не засмучала.
Павел ЗАЛЕСКІ