Беларуская Служба

Нелегальныя мігранты спрабавалі прарвацца ў Польшчу, але перашкодзілі плот і памежнікі (ВІДЭА)

21.03.2025 17:04
Больш за 60 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу за мінулыя суткі прадухілілі супрацоўнікі Падляшскага пагранатрада Памежнай службы Польшчы.
Польскія салдаты на мяжы з БеларуссюФота: Dowództwo Generalne Rodzajów Sił Zbrojnych

Польская Памежная служба апублікавала відэа, на якім відаць, як мігранты пераадольваюць адну агароджу на мяжы, але іх спыняе другі плот. Пакуль мігранты спрабуюць знайсці шляхі для пераадолення складанай перашкоды, да іх з двух бакоў пад'язджаюць на машынах памежнікі.

Больш за 60 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу за мінулыя суткі прадухілілі супрацоўнікі Падляшскага пагранатрада Памежнай службы Польшчы. Гэта адбылося на адрэзку мяжы, за якія адказваюць заставы ў Пласкай, Міхалове, Ліпску і Баброўніках.

Найбольшую групу памежнікі затрымалі каля Чаромхі, кажа старшы харунжы Міхал Бура.

 — Сёння на досвітку група некалькі дзясяткаў чалавек спрабавала нелегальна перакрочыць мяжу каля Чаромхі. Дзякуючы маніторынгу і аператыўнай рэакцыі Памежнай службы парушальнікам гэта не ўдалося. Бальшыня мігрантаў была затрыманая на гранічнай дарозе. Група, якая засталася на беларускім баку, камянямі закідала функцыянераў памежнай варты.

Сярод памежнікаў ніхто не пацярпеў.

Толькі ў сакавіку Падляшскі атрад Памежнай службы зафіксаваў 1300 спробаў нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы.

яс