Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны 1 кастрычніка ў Мінску ўзгадніла „формулу Штайнмаера”. Пра гэта паведаміў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік на брыфінгу па выніках чарговага раўнда перамоў ТКГ.
„Па рэкамендацыі палітычных дарадцаў „нармандскай чацвёркі” ад 11 верасня сёння члены ТКГ і прадстаўнікі АРЛВ і АРДВ (асобныя раёны Луганскай і Данецкай абласцей. — БелаПАН.) лістамі ў мой адрас пацвердзілі тэкст „формулы Штайнмаера” пра імплементацыю ўкраінскага заканадаўства. Тэкст быў узгоднены гэтымі ж дарадцамі ў „нармандскім фармаце”, — сказаў ён.
„Формула Штайнмаера” названа па імені былога кіраўніка МЗС Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера, які цяпер займае пасаду прэзідэнта ФРГ. Яна мае на ўвазе наданне на часовай аснове асаблівага статусу тэрыторыям, кантраляваным самаабвешчанымі ДНР і ЛНР, да правядзення там выбараў. На пастаяннай аснове ён пачне дзейнічаць пасля публікацыі справаздачы БДІПЧ АБСЕ, якая пацвярджае дэмакратычнасць і легітымнасць вынікаў галасавання.
12 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў правесці да канца верасня сустрэчу ў „нармандскім фармаце”, каб абмеркаваць з кіраўнікамі краін — удзельніц гэтага фармату ўсе пункты мінскіх дамоўленасцяў. 18 верасня міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што ў Расіі і Украіны няма рознагалоссяў наконт „формулы Штайнмаера”. Пры гэтым украінскія СМІ адзначаюць, што РФ патрабуе ад Украіны афіцыйнага пісьмовага пацвярджэння „формулы Штайнмаера” як умовы для „нармандскай” сустрэчы на вышэйшым узроўні.
Раней, у ліпені, прэзідэнт Украіны прапаноўваў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў пашыраным „нармандскім фармаце” (з удзелам кіраўнікоў ЗША і Вялікабрытаніі) у Мінску.
„Нармандскі фармат” — перамоўная група, якая складаецца з кіраўнікоў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Апошні раз на ўзроўні прэзідэнтаў група сустракалася ў Берліне ў кастрычніку 2016 года.
У Мінску перамовы па Украіне ў „нармандскім фармаце” на вышэйшым узроўні прайшлі 11—12 лютага 2015 года з удзелам прэзідэнтаў Украіны, Расіі, Францыі і канцлера ФРГ.
аз