Украінскія сілы наступаюць на поўдзень ад Бахмута, паведамляе Амерыканскі інстытут вывучэння вайны. Развіваецца контрнаступленне і ў Запарожскай вобласці – там украінцы прасунуліся прыкладна на пяць кіламетраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Рабатына.
Украінскія вайскоўцы працягваюць утрымліваць пазіцыі ў Рабатыне і разміноўваюць тэрыторыю. Вёска знаходзіцца недалёка ад шашы, якая вядзе да Токмака, важнага расійскага шляху камунікацыі. Паводле ISW, расіяне разгортваюць у гэтым раёне значную колькасць рэзерваў, паветрана-дэсантных падраздзяленняў і тэрмабарычных артылерыйскіх сістэмаў, бо занепакоеныя слабасцю сваіх пазіцыяў.
Інстытут вывучэння вайны са спасылкай на расійскія СМІ лічыць, што расійская армія аслабленая ва ўсёй Запарожскай вобласці. Цяжкасці яны маюць, у тым ліку, каля вёскі Вэрбовэ.
Акупацыйныя войскі ў рэгіёне расцягнуты ўздоўж лініі фронту і адчуваюць цяжкасці з перакідкай рэзерваў і недахопам сродкаў.
Расійскае камандаванне асцерагаецца, што ўкраінцы могуць перакрыць расійскія транспартныя шляхі, што яшчэ больш ускладніць сітуацыю.
яс