Беларуская Служба

У МЗС Украіны жорстка адказалі Орбану на чарговы выпад: Украіна не гандлюе тэрыторыямі

30.08.2023 17:01
Прэм'ер-міністр Венгрыі заклікаў заключыць «дагавор» з Пуціным і адмовіць Украіне ў членстве ў НАТА.
Віктар ОрбанPAP/EPA/OLIVIER HOSLET

Міністэрства замежных спраў Украіны заяўляе, што Украіна не гандлюе сваімі тэрыторыямі, а Расійская Федэрацыя абавязкова панясе пакаранне за прычыненае ва Украіне зло.

Пра гэта напісаў спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка ў сацыяльнай сетцы Facebook у адказ на заявы прэмʼер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, што Захад павінен заключыць пагадненне з прэзідэнтам РФ па бяспецы Украіны, якое не павінна ўключаць ні вяртанне Крыма, ні членства Украіны ў НАТА.

«Насамрэч мы ўжо пачалі хвалявацца, што Віктар Орбан даўно не заклікаў спыніць пастаўкі зброі ва Украіну і ўзаконіць агрэсію Расіі. Нават пачалі сумнявацца ў паслядоўнай пазіцыі венгерскага прэмʼера, – падкрэсліў Нікаленка. – Мы не ведаем, як там у Венгрыі, але Украіна не гандлюе ні сваімі тэрыторыямі, ні сваім суверэнітэтам. І свет не будзе гандляваць. А расійскае кіраўніцтва, якіх бы яно ні прыцягвала публічных адвакатаў, абавязкова панясе адказнасць за ўсё прычыненае ўкраінцам зло».

Віктар Орбан сказаў былому вядучаму Fox News Такеру Карлсану, што Украіна на шляху да пройгрышу вайны, таму што расійскія войскі пераўзыходзяць па колькасці. Ён таксама сказаў, што найлепшым шанцам для свету зʼяўляецца вяртанне да ўлады былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і спыненне ваеннай падтрымкі Украіны.

яс