Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі, высокі прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Жазэп Барэль прапануе павялічыць план па падрыхтоўцы ўкраінскіх салдат з 30 да 40 тысяч вайскоўцаў, якіх трэба падрыхтаваць у ЕС да канца года ў рамках місіі ЕС па аказанні ваеннай дапамогі Украіне (EUMAM Ukraine).
Паводле яго слоў, трэніровачная місія Еўрасаюза падрыхтоўкі ўкраінскіх салдат мае рэальны ўплыў і практычна ажыццяўляецца з беспрэцэдэнтнай хуткасцю.
«Гэтая місія ўжо падрыхтавала 25 тысяч украінскіх салдат, і некаторых з іх у Таледа дзякуючы іспанскай арміі. У рамках місіі ЕС 30 тысяч украінскіх салдат будзе падрыхтавана да канца кастрычніка», – сказаў Барэль на брыфінгу па выніках нефармальнай сустрэчы міністраў абароны краін-членаў ЕС у горадзе Таледа (Іспанія).
«Я прапаную міністрам павялічыць колькасць украінскіх салдат, якіх трэба падрыхтаваць да канца года, да 40 тысяч чалавек», – падкрэсліў Барэль.
Высокі прадстаўнік сказаў, што важна ўлічваць зменлівыя патрэбнасці ўкраінскага войска і працаваць не толькі ў колькасных, але і якасных адносінах. Ён вітаў рашэнне Нідэрландаў і Даніі прадаставіць Украіне знішчальнікі F16.
Барэль дадаў таксама, што ў ЕС абмяркуюць, якім чынам можна далучыцца да навучання пілотаў для гэтых самалётаў у рамках місіі ЕС па падтрымцы Украіны.
яс/Unian.ua