Беларуская Служба

Латвія і Эстонія святкуюць 30-годдзе вываду савецкіх войскаў са сваёй тэрыторыі

31.08.2024 12:19
На год раней чырвонаармейцы пакінулі Літву.
ТалінBy Ben Bender - https://web.archive.org/web/20161102145615/http://www.panoramio.com/photo/92127160, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=117939512

Краіны Балтыі падкрэсліваюць, што адыход савецкіх салдат з іх тэрыторыі быў не толькі гістарычным момантам, але і важным дыпламатычным поспехам. Перамовы з Масквой працягваліся шмат месяцаў.

Пра гэтыя падзеі на платформе Х піша прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс, спасылаючыся на бягучую геапалітычную сітуацыю.

«Свет павінен прыняць меры, каб прымусіць расійскія сілы выйсці з Украіны, Грузіі і Малдовы», — падкрэслівае ён.

Былы міністр замежных спраў Эстоніі Юры Луйк заявіў парталу ERR, што сыход савецкіх войскаў адкрыў шлях да інтэграцыі з Еўрасаюзам і НАТА. На думку экспертаў, дасягнуць падобнага пагаднення з Расіяй пазней, верагодна, было б немагчыма.

У той час, калі апошнія савецкія салдаты пакідалі Латвію і Эстонію, літоўцы святкавалі першую гадавіну выхаду Чырвонай Арміі са сваёй тэрыторыі.

«1993 год быў важным момантам у нашай гісторыі, які азнаменаваў вызваленне ад кайданоў, накладзеных на нас ворагам. Сёння мы павінны захоўваць пільнасць і быць гатовымі абараняць сваю незалежнасць», — заявіў міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас.

Урачыстыя мерапрыемствы з удзелам уладаў праходзяць у Вільні, Рызе і Таліне.

Савецкі Саюз анексаваў краіны Балтыі ў чэрвені 1940 года. Калі Літва, Латвія і Эстонія аднаўлялі сваю незалежнасць у пачатку 1990-х гадоў, на іх тэрыторыі было размешчана больш за сто тысяч савецкіх салдат. Сёлета гэтыя краіны адзначаюць 20-годдзе ўступлення ў Еўрасаюз і НАТА.

яс/Каміль Залеўскі