Беларуская Служба

Германія захапіла танкер «ценявога флоту» Расіі

21.03.2025 15:10
 У пачатку года судна з сырой нафтай села на мель ля нямецкага вострава Ругія.
      Eventin
Тыдзень таму нямецкія мытнікі затрымалі судна EventinPR24.pl/PAP/DPA

Інфармацыю аб захопе танкера паведаміла выданне Spiegel. Журналісты сцвярджаюць, што тыдзень таму нямецкія мытнікі затрымалі судна Eventin і яго груз. Судна плавала пад панамскім сцягам.

10 студзеня з-за збою электрычнай сістэмы танкер затрымаўся ў Балтыйскім моры, у водах Германіі. Службы першапачаткова пацікавіліся танкерам у асноўным з-за пагрозы для навакольнага асяроддзя, бо яго грузам было 100 тысяч тон сырой нафты.

Пасля праверкі дакументацыі судна было аднесена да так званага расійскага ценявога флоту, то бок гандлёвых караблёў, дзякуючы якім Расія, нягледзячы на ​​накладзеныя на яе санкцыі, вядзе гандаль.

Экалагічная арганізацыя Greenpeace склала спіс з амаль дзвюх соцень танкераў, 90 працэнтаў з якіх праходзілі праз нямецкія воды прынамсі адзін раз за апошнія два гады.

Зараз вядуцца работы па вызначэнні спосабу і месца адпампоўкі нафты з перанятага судна. Spiegel паведамляе, што рашэнне нямецкіх уладаў павінна стаць сігналам Расіі аб тым, што Германія не будзе бяздзейна назіраць за нелегальнай транспарціроўкай расійскай нафты праз Балтыйскае мора.

Аднак афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі ад ураду няма.

IAR/яс