Міністры замежных спраў Еўрасаюза раскрытыкавалі Іран за парушэнне часткі палажэнняў атамнай дамовы. Адначасова яны выказалі надзею на захаванне пагаднення.
Рашэнне ўладаў у Тэгеране пачаць узбагачэнне урана было адной з тэм сустрэчы кіраўнікоў дыпламатыі 28 краін ЕС у Бруселі.
Міністр Яцэк Чапутовіч нагадаў, што Варшава ад пачатку скептычна ставілася да самога пагаднення, якое было падпісана чатыры гады таму.
Яцэк Чапутовіч: Мы ад пачатку лічылі, што гэта не будзе трывалы механізм; што Іран не будзе ім задаволены. Іран хоча больш і цяпер адмаўляецца ад часткі палажэнняў дамовы, ствараючы прэсінг. У Еўрасаюзе, гэта ўспрымаецца адмоўна. Такім чынам праблема надалей існуе.
Кіраўнік польскай дыпламатыі мяркуе, што калі іранскія ўлады па-ранейшаму будуць узбагачаць уран, скептыцызм у Еўрапейскім Саюзе будзе расці, а пазіцыі супольнасці і ЗША будуць набліжацца.
Пакуль Брусель і Вашынгтон адрозніваюцца па сваім падыходзе да Ірана. Адміністрацыя ЗША выйшла з атамнай дамоўленасці і аднавіла санкцыі супраць Тэгерана, а Еўрасаюз імкнецца да таго, каб еўрапейскія кампаніі надалей працягвалі сваю дзейнасць у Іране.
аз