Беларуская Служба

У Польшчы адзначылі Дзень памяці пра ахвяр «Валынскай разні»

11.07.2019 17:38
Атрады АУН-УПА забівалі мясцовых палякаў па страшнаму: людзей секлі сякерамі, тапілі ў калодзежах, палілі жыўцом у хатах, разрывалі коньмі, прывязвалі на марозе калючым дротам да дрэваў, а цяжарным жанчынам штыкамі ўскрывалі жываты.
Krzyże na polskim cmentarzu w Ostrówku
Krzyże na polskim cmentarzu w OstrówkuPAP/Darek Delmanowicz

Тры гады таму, у 2016 годзе, Сейм у Варшаве прыняў рэзалюцыю па ўшанаванню памяці ахвяр генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі на грамадзянах Польшчы ў 1939-1945 гадах. У польскім грамадстве тыя трагічныя падзеі атрымалі назву «Валынскай разні». Сёння ў краіне памінаюць забітых мірных жыхароў тагачасных усходніх тэрыторый Польшчы.

Нагадаем, падчас вайны ў 1939-1945 гадах украінскія нацыяналісты здзейснілі масавыя забойствы польскага насельніцтва на Валыні й іншых рэгіёнах заходняй Украіны, якія да вайны ўваходзілі ў склад Польшчы. Паводле гісторыкаў, загінула 50-60 тыс. палякаў, хоць некаторыя крыніцы называюць лічбу ў 130-150 тыс. чалавек. Польскае падполле ў адказ забіла 3-5 тыс. украінцаў.

У згаданай рэзалюцыі, прынятай Сеймам у 2016 годзе, гаворыцца, што арганізаваны і масавы характар «Валынскай разні» быў этнічнай чысткай і генацыдам.

Дарэчы, у гістарычным дакуменце, прынятым тры гады таму, таксама ўтрымліваюцца словы падзякі салдатам Арміі Краёвай, Самаабароне Літвы і Беларусі ды Сялянскім батальёнам, якія абаранялі палякаў, а таксама тым украінцам, якія рызыкавалі жыццём дзеля ратавання польскіх суседзяў.
Пытанне «Валынскай разні» цягам доўгага часу было і надалей ёсць асноўнай прычынай польска-украінскіх непаразуменняў, у тым ліку на палітычнай глебе. Здаралася, што з-за гэтага пераносіліся візіты важных дзяржаўных чыноў – польскіх ва Украіну і ўкраінскіх у Польшчу.

Дарэчы, поўная назва дня гучыць наступным чынам: Нацыянальны дзень памяці ахвяр генацыду грамадзян Рэспублікі Польшча, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі. А чаму Дзень памяці ахвяр «Валынскай разні» адзначаецца менавіта 11 ліпеня? А таму, што 11 ліпеня 1943 года мела месца масавая акцыя атрадаў АУН-УПА па знішчэнні жыхароў 99 польскіх вёсак, у выніку якой загінула некалькі тысяч палякаў.

Увогуле, атрады АУН-УПА забівалі мясцовых палякаў па страшнаму – цяпер нават цяжка ўявіць, што здараліся такія злачынствы. Людзей секлі сякерамі, тапілі ў калодзежах, палілі жыўцом у хатах, разрывалі коньмі, прывязвалі на марозе калючым дротам да дрэваў, а цяжарным жанчынам штыкамі ўскрывалі жываты. Пры гэтым злачынцы не шкадавалі ані жанчын, ані дзяцей, ані старых людзей.

Сёння з нагоды Дня памяці ахвяр «Валынскай разні» у Польшчы прайшлі прынагодныя памятныя ўрачыстасці. Так, прэзідэнт краіны Анджэй Дуда ўсклаў вянок ля варшаўскага Помніка ахвярам «Валынскай разні» ды прыняў удзел у жалобнай літургіі ў палявым саборы Войска Польскага.
Кіраўнік польскай дзяржавы зазначыў падчас ускладання вянка, што пра «Валынскую разню» неабходна памятаць перш за ўсё ў імя наступных пакаленняў.

- Для таго, каб адносіны паміж нашымі дзяржавамі, паміж польскім і ўкраінскім народамі былі як мага найлепшымі, – а мы ўсе, і я ў тым ліку, гэтага хочам, – нам трэба памятаць пра тыя трагічныя часы, і перш за ўсё таму, каб падобныя трагедыі не здараліся ў будучыні.

Кіраўнік польскай дзяржавы таксама зазначыў, што пытанне памяці пра ахвяр «Валынскай разні» ў многім залежыць ад украінскага боку.

- Нам патрэбная памяць у імя таго, каб цяпер не было варожасці паміж нашымі краінамі. Адным з элементаў памяці з’яўляецца тое, што ўкраінскі боку павінен згадзіцца на правядзенне эксгумацыі ахвяр трагедыі. Эксгумацыя патрэбная для таго, каб было вядома, дзе пахаваныя ахвяры, каб на магілах іх нашчадкі маглі ўскласці кветкі і вянкі ды запаліць свечкі. Такія крокі паслужылі б для ўмацавання польска-ўкраінскіх адносін.

Падчас нядаўняй сустрэчы ў Бруселі Анджэй Дуда сустрэўся з новым прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Паводле Дуды, яны размаўлялі ў тым ліку пра пытанне памяці пра ахвяр «Валынскай разні».

Кіраўнік польскай дзяржавы згадваў пра неабходнасць правядзення эксгумацый. Два гады таму ўлады ў Кіеве забаранілі польскаму боку правядзенне пошуку пахаванняў ахвяр валынскай трагедыі і эксгумацый. Пасол Украіны ў Польшчы Андрэй Дэшчыца лічыць, што гэтае пытанне ў перспектыве павінна быць вырашанае.

- І ва ўкраінцаў, і ў палякаў хрысціянскія каштоўнасці займаюць важнае месца, і таму кожная ахвяра, якая загінула, павінна быць пахаваная па-хрысціянску. Таму і польскі, і ўкраінскі бок зацікаўлены ў вырашэнні згаданага пытання. Я веру ў тое, што перамовы будуць працягвацца і што нам удасца дасягнуць кансэнсус.

Дарэчы, ва Украіне «Валынская разня» акрэсліваецца як польска-ўкраінская вайна. Паводле часткі ўкраінцаў, яна стала вынікам нацыянальнай палітыкі міжваеннай Польшчы.
вс