30 верасня памёр дзеяч польскай антыкамуністычнай апазіцыі, заснавальнік партыі „Solidarność Walcząca” (Салідарнасць у змаганні), ганаровы спікер Сейму VІІІ склікання, бацька дзейнага прэм’ера Корнель Маравецкі (Kornel Morawiecki). Палітык памёр у выніку працяглай і цяжкой хваробы ва ўзросце 78 гадоў.
Легенда антыкамуністычнай апазіцыі, барацьбіт, прынцыповы і верны Польшчы да самага канца – так Корнеля Маравецкага ўспамінаюць тыя, хто яго ведаў, у тым ліку член партыі „Solidarność Walcząca” Збігнеў Ягела (Zbigniew Jagiełło).
- Мы супрацоўнічалі вельмі цесна. Я лічыў яго разважлівым мужчынам з вялікім досведам, з якім, нягледзячы на ўзрост, можна было размаўляць на розныя тэмы. Я быў тады маладым (20 з нечым гадоў) чалавекам з патэнцыялам.
Былыя апазіцыянеры і супрацоўнікі ўспамінаюць памерлага, як візіянера. Анджэй Калодзей (Andrzej Kołodziej) кажа, што калі Корнель Маравецкі казаў пра вяртанне незалежнасці і звяржэнне камунізму ў Польшчы, амаль ніхто ў гэта не верыў.
- У яго былі свае прынцыпы. Ён прадставіў іх у праграме партыі „Solidarność Walcząca”. Для яго найважнейшым было прытрымлівацца гэтых прынцыпаў і паспяхова імкнуцца да вызначанай мэты.
Корнеля Маравецкага, як непахіснага чалавека, успамінае таксама суаўтарка пяці кніг пра герояў „Салідарнасці” Марыя Ванкэ-Ер’е (Maria Wanke-Jerie).
- Ён быў верны сваім поглядам на працягу ўсяго жыцця. Мяняліся часы, мяняліся абставіны, а ён гэтых поглядаў прытрымліваўся.
Шкадаванне ў сувязі са смерцю Корнеля Маравецкага выказаў таксама лідар кіроўнай партыі „Права і справядлівасць”. „Пайшоў з жыцця выбітны чалавек”, – сцвердзіў Яраслаў Качыньскі (Jarosław Kaczyński).
- Ён прыгожа ўпісаўся ў гісторыю барацьбы за незалежнасць. Ён быў непахісным чалавекам, для якога незалежная і свабодная Польшча была асноўнай мэтай палітычнай актыўнасьці.
Памяць палітыка ўшанаваў прэзідэнт Польшчы. Анджэй Дуда напісаў у „Твітары”, што сышоў з жыцця „непахісны воін за свабодную, суверэнную і незалежную Польшчу”, заснавальнік і сімвал партыі „Solidarność Walcząca”.
Корнель Маравецкі будзе пахаваны на вайсковай частцы могілак Павонзкі ў Варшаве. „Да часу пахавання яго сын прэм'ер Матэвуш Маравецкі прыпыніў свой удзел у выбарчай кампаніі”, - паведаміў кіраўнік Канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык (Michał Dworczyk).
- Да часу пахавання святой памяці ганаровага спікера Корнеля Маравецкага прэм’ер не будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Паховіны адбудуцца на Вайсковых Павонзках у Варшаве.
Корнель Маравецкі актыўна дзейнічаў у антыкамуністычнай апазіцыі. У жніўні 1980 году ён суарганізаваў страйкі ў Вроцлаве і суствараў рэгіянальныя стрыктуры „Салідарнасці”.
На мінулым тыдні за выдатныя заслугі на карысць дэмакратычных пераўтварэнняў у Польшчы прэзідэнт Анджэй Дуда ўзнагародзіў яго Ордэнам Белага Арла.
У сваю чаргу ў апошнюю нядзелю Корнель Маравецкі стаў лаўрэатам прэміі „Дзверы ў свабоду”. Узнагарода была прызнаная падчас урачыстага закрыцця 11-га кінафестывалю „Непакорныя-Нязломныя-Выклятыя” ў Гдыні.
Адрозненне прысуджаецца за мужнасць і самаадданасць героям, якія падтрымліваюць актывістаў ды лідараў незалежнасці і салідарнасці ў падполлі, а таксама тым, хто непахісна прасоўвае ідэю свабоды.
аз