Беларуская Служба

Кіраўнік польскага МУС: Польшча стане надзейным, другім домам для ўкраінскіх уцекачоў

28.02.2022 12:55
Паводле апошніх дадзеных, з чацвярга ў Польшчу збеглі амаль 200 тысяч украінцаў.
Аўдыё
  • Паводле апошніх дадзеных, з чацвярга ў Польшчу збеглі амаль 200 тысяч украінцаў.
  ,       200  .
Паводле апошніх дадзеных, з чацвярга ў Польшчу збеглі амаль 200 тысяч украінцаў.PAP/Darek Delmanowicz

На мяжу з Польшчай на машынах, пешшу і на цягніках накіроўваюцца дзясяткі тысяч бежанцаў з Украіны. Паводле апошніх дадзеных, з чацвярга ў Польшчу збеглі больш за 200 тысяч украінцаў. З украінскага боку перад кожным памежным пераходам утвараюцца доўгія чэргі. Некаторым даводзіцца чакаць на мяжы нават двое сутак.

Найбольш складаная сітуацыя назіраецца па пешых пераходах, тым больш, што сёння з раніцы на Падкарпацці і ў Львоўскай вобласці выпаў мароз і ідзе снег. У Медыцы на перасячэнне мяжы чакаюць тысячы маці з дзецьмі.

Паводле дадзеных на раніцу за суткі памежныя пераходы ў Будомежы, Карчовай, Медыцы і Красцекну перасеклі 50 тысяч чалавек:

- Мы прыехалі сюды са страху, паколькі ва Украіне нельга ўжо нармальна жыць. Безупынку чуваць самалёты, верталёты, стрэлы і выбухі. Я баюся за сваю краіну. Там застаўся муж, бацька, маці і сястра. Я прыехала з 10-гадовай дачкой. Усе мае родныя засталіся там.

На вакзале ўцекачы атрымліваюць гарачую ежу, лекі і асноўныя сродкі асабістай гігіены. Іх чакаюць таксама некалькі сотняў валанцёраў, якія бясплатна дастаўляюць уцекачоў у розныя польскія гарады. Усё часцей польская хуткая дапамога пад’язджае да самой мяжы, каб забраць хворых і стомленых складаным падарожжам бежанцаў. З чацвярга больш за 50 уцекачоў былі шпіталізаваныя ў бальніцы ў Пярэмышлі – тры жанчыны нарадзілі дзяцей, кажа дырэктар бальніцы Барбара Ставаш(Barbara Stawarz):

- Пацыенткі апынуліся пад медыцынскай апекай па розных прычынах, напрыклад, у выніку родаў, стомленасці і іншых праблем са здароўем.

Учора ў Варшаву прыбыў спецыяльны медыцынскі цягнік з групай 600 жанчын і дзяцей, эвакуяваных з Украіны. Нагадваем, для перавозкі параненых Польшча падрыхтавала спецыяльны санітарны цягнік. Пазаўчора ён выехаў з Варшавы на тэставанне і пры нагодзе даставіў у Львоўскую вобласць гуманітарную дапамогу. Дырэктар Нацыянальнай бальніцы доктар Артур Зачыньскі(Artur Zaczyński), які прыехаў разам з уцекачамі ў Варшаву, сказаў, што з горада Мастыска былі вывезены 250 жанчын і 350 дзяцей:

- У сувязі з тым, што была вялікая колькасць маці з малымі дзецьмі, нават немаўлятамі і сітуацыя станавілася напружанай, то цягнік забраў 600 пасажыраў. Частка з іх засталася ў Пярэмышлі і Любліне, у Варшаву вырашыла прыехаць каля ста чалавек. Частка з пасажыраў засталася ў Пярэмышлі з надзеяй, што вайна неўзабаве закончыцца і яны змогуць вярнуцца дадому, іншыя засталіся, каб з Пярэмышля пераехаць у іншыя гарады на поўдні Польшчы, а таксама ў Чэхію, Славацыю і Германію.

Спецыяльны цягнік зможа забраць да 160 параненых. Пацярпелых будуць дастаўляць у шпіталь на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве.

Таксама Польская медыцынская місія паведамляе, што першы, падрыхтаваны ёй транспарт медыцынскіх сродкаў быў дастаўлены ва ўкраінскія шпіталі. На мяжы ў Грэбенне супрацоўнікі місіі перадалі дапамогу парамедыкам са Львова і прадстаўніком Чырвонага Крыжа з Івана-Франкоўска. «Ва Украіну трапілі ў асноўным спецыялізаваныя перавязачныя матэрыялы», – кажа Малгажата Алясіньска-Харт(Małgorzata Olasińska-Chart) з Польскай медыцынскай місіі:

- Украінскі бок патрабуе дэзінфікуючых сродкаў для прамывання ранаў. Мы будзем пастаўляць таксама хлорысты натрый (NaCl) для прамывання ранаў і раствор Рынгера, які выкарыстоўваецца пры лячэнні апёкаў. Апёкі – гэта зараз ва Украіне вялікая праблема.

Польская медыцынская місія і Польская гуманітарная каманда збіраюць грошы на закупку чарговых сродкаў медыцынскай дапамогі для ўкраінцаў.

Цягнікі з уцекачамі з Украіны будуць ездзіць таксама ў глыб Польшчы па Металургічнай чыгуначнай лініі – гэта аднарэйкавы маршрут, які злучае Польшчу і Украіну ды выкарыстоўваецца для перавозак грузаў.
Уцекачы, якія прыедуць на польскую мяжу, пасля рэгістрацыі ў пункце прыёму бежанцаў, змогуць застацца ў Грубешаве або адправіцца ў падарожжа ўглыб Польшчы. Другім магчымым прыпынкам будзе чыгуначная станцыя ў Олькушы на мяжы Сілезіі і Малапольшчы. Як зазначае Малапольскі ваявода Лукаш Кміта (Łukasz Kmita), цягнікі змогуць хадзіць нават наўпрост з Кіева ў Олькуш:

- Паліцыя, пажарнікі, мясцовыя ўлады – усе гатовыя. Яны рыхтуюць цёплую ежу, каву, гарбату. Плануецца падрыхтаваць таксама будынак старога аўтобуснага вакзала, дзе бежанцы змогуць часова затрымацца, напрыклад, пачакаць на астатніх членаў сям’і.

Нягледзячы на тое, што цягнікі таксама доўга чакаюць на ўкраінскім боку мяжы, яны дазваляюць бежанцам схавацца ад холаду. Такая магчымасць не даступная людзям, якія вырашылі перасячы мяжу пешшу.
Кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі запэўнівае, што Польшча стане надзейным другім домам для ўкраінскіх уцекачоў.

Пакуль 90 працэнтаў уцекачоў маюць членаў сваіх сям’яў у Польшчы, на дапамогу якіх могуць разлічваць. Астатнія 10 працэнтаў карыстаюцца пунктамі прыёму бежанцаў, колькасць якіх польскія ўлады павялічваюць, кажа намеснік кіраўніка польскага МУС Павел Шэфярнакер (Paweł Szefernaker):

- Мы адкрыем пункты прыёму бежанцаў ва ўсіх ваяводствах Польшчы. Такія, якія да гэтай пары дзейнічалі на мяжы, зараз будуць дзейнічаць ва ўсіх ваяводствах краіны.

Чэргі перш за ўсё ўзнікаюць на ўкраінскім баку мяжы, але Украіна абяцала спрасціць працэдуры. Польшча таксама пастаўляе гуманітарную дапамогу асобам, якія чакаюць у чэргах на ўкраінскім баку мяжы, кажа міністр Марыюш Каміньскі(Mariusz Kamiński):

- Прадукты харчавання, цёплая страва. Мы перадаем дапамогу ўкраінскай памежнай службе, якая размяркоўвае іх сярод асобаў, якія чакаюць у чарзе.

Польскія ўлады разглядаюць таксама магчымасць адкрыцця мяжы з Украінай, заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павел Солях(Paweł Soloch):

- Кожны варыянт бярэцца пад увагу. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца таксама падчас сённяшняга паседжання кіраўніцтва дзяржавы, якое склікаў прэзідэнт. На мяжы частка бежанцаў, гэты апошні адрэзак, пераадольвае пешшу, паколькі аўтамабілі стаяць у чэргах. Тым ня менш, адкрыццё мяжы звязанае з рызыкай пранікнення на тэрыторыю Польшчы непажаданых групаў, якія могуць дзейнічаць супраць нас. Таму мы павінны ўлічваць розныя аспекты такога кроку.

У сваю чаргу намеснік міністра сямейнай і сацыяльнай палітыкі Станіслаў Швед(Stanisław Szwed) аб’яцаў дадатковыя палягчэнні на рынку працы ў Польшчы для людзей, якія ўцякаюць ад расійскай агрэсіі:

- Пытанні з’вязаныя з рынкам працы, то бок усе дадатковыя аблягчэнні зараз вельмі важныя. Гаворка ідзе пра тое, каб бежанцы маглі без праблем знайсці працу ў Польшчы. Тут пад увагу працадаўцы павінны ўзяць факт, што зараз з Украіны не прыязджаюць мужчыны, але жанчыны. Таму прапановы працы трэба дапасаваць.

Міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг звярнулася да кіраўнікоў ваяводскіх і павятовых службаў занятасці з просьбай афармляць усе адміністрацыйныя пытанні, звязаныя з легалізацыяй працаўладкавання грамадзян Украіны ў Польшчы па-за чаргой і без лішніх затрымак.

Прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі напісаў учора ў Фэйсбуку, што яго глыбока ўразіла салідарнасць і клопат палякаў да ўкраінцаў. «Іх неабсяжная дабрыня не можа спыніць жорсткасці Пуціна, але яна дапаможа тысячам выжыць», – напісаў польскі прэмʼер.

IAR/аз

Польская медыцынская місія адпраўляе ва Украіну першы транспарт

27.02.2022 08:20
З кожнай хвілінай маштабы гуманітарнага крызісу ва Украіне растуць.

Ва Украіну прыбыла чарговая калона грузавікоў з боепрыпасамі з Польшчы

27.02.2022 10:02
Польшча паставіла Украіне боепрыпасы і ручныя зенітныя ракеты «Piorun», а таксама шлемы і бронекамізэлькі.

Прэм'ер Маравецкі: Я крануты салідарнасцю палякаў з украінцамі

27.02.2022 18:02
«200 тысяч бежанцаў ужо знайшлі прытулак у Польшчы», – напісаў польскі польскі прэмʼер.

Пункты прыёму для ўцекачоў будуць адкрытыя ва ўсіх ваяводствах Польшчы

27.02.2022 19:05
Большая частка бежанцаў з украінскай мяжы накіроўваецца ўглыб Польшчы, паясняе польскае МУС.