Беларуская Служба

У 1939 годзе Гродна абараняла нязначная частка жаўнераў, рэшта - мірныя жыхары

17.09.2022 14:26
На адным баку былі абаронцы Гродна, у пераважнай большасці мірныя жыхары, на іншым – паўнавартасная армія.
Аўдыё
  • У 1939 годзе Гродна абараняла нязначная частка жаўнераў, рэшта - мірныя жыхары
, 1935
Гродна, 1935 годAutorstwa Nieznany - Biblioteka Narodowa. Poczt.13689., Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=9168335

17 верасня 1939 году Савецкі Саюз напаў на Польшчу. У 1939 годзе Гродна было польскім горадам, дзе 2/3 насельніцтва былі палякамі, астатнія –яўрэі. У навакольных вёсках жыла нязначная частка ўкраінцаў і беларусаў.

Савецкі Саюз напаў на Польшчу без аб’яўлення вайны. Гэты крок саветы называлі абаронай беларускіх і ўкраінскіх жыхароў усходняй часткі Польшчы, нагадвае прафесар Ян Высоцкі.

-Інфармацыя аб савецкай агрэсіі паявілася імгненна. Амаль адразу 17 верасня ў Гродна пачалі сцягвацца польскія аддзелы і падраздзяленні. Як да месца, дзе можна было здабыць запасы.
Маршал Эдвард Рыдз-Сміглы, ведаючы пра слабасць польскіх сіл на Усходзе, загадаў ім эвакуявацца праз Румынію і Венгрыю ды не змагацца з саветамі. У самім Гродне ніхто не верыў у мірныя планы Чырвонай Арміі. Упершыню Гродна апынулася пад савецкай акупацыяй у 1920 годзе, калі кіраўніцтва ў горадзе перайшло да лакальнага рэвалюцыйнага камітэту, а ЧК распаўсюджвала тэрор. Праз 19 гадоў гродзенцы былі гатовыя змагацца.

Сітуацыя была вельмі кепская. 18 верасня ў Гродна з Пінску прыязджае камандуючы аперацыйнай групай «Гродна» генерал Юзэф Альшына-Вільчыньскі. У той жа самы дзень, не знаходзячы магчымасці абараняцца, ён выехаў з гораду разам са сваім штабам.

З Гродна выехала таксама гарадское кіраўніцтва, гаворыць гісторык і публіцыст Ірэнэвуш Вывял.

-Генерал Альшына-Вільчыньскі выехаў з Гродна, не пакідаючы ніводнага афіцэра, адказнага за абарону гораду. А дакладней, сказаў яго абараняць, але калі выехаў, то не вызначыў намесніка. Не было вядома, хто кіруе, хто за што адказвае. І толькі яго намеснік, палкоўнік Богдан Гулевіч прадпрыняў пэўныя крокі. Адзіная рэч, якая пасля яго засталася, і была гэта слушная рэч, гэта была падрыхтоўка гаручых матэрыялаў для знішчэння танкаў праціўніка ў горадзе. Пасля Богдан Гулевіч, які фактычна пераняў камандаванне аперацыйнай групай Гродна, таксама выйшаў з гораду.

Чаму так сталася? Гісторык кажа, што вырашальны момант адыграў загад галоўнакамандуючага, каб пазбягаць сутычак з чырвонаармейцамі, а войска эвакуяваць у Румыніі, Літву і Венгрыю.
Усё ж гараджане вырашылі арганізаваць хоць якую абарону. Кіраўніцтва абаронаю гораду ўзяў на сябе намеснік мэра Раман Савіцкі з маёрам Богданам Серафінам. Гэта дзякуючы іх намаганням горад падрыхтаваўся да абароны і адначасова была задушана камуністычная дыверсія.

Стратэгічным пунктам у Гродне быў пляц Баторага. Кантроль над гэтым месцам дазваляў блакаваць скрыжаванне трас на Ліду, Беласток і Вільню. Нечакана кантроль над месцам захапілі камуністычныя дыверсанты. Працягвае гісторык і публіцыст Ірэнэвуш Вывял.

-Між іншым, яны занялі галоўную гарадскую плошчу, выкарыстаўшы супрацьпаветраныя равы ў якасці акопаў, але польскі бок лёгка з гэтым справіўся. Палякі паставілі на вежах касцёлаў кулямёты і ўсё хутка скончылася.

Калі саветы наблізіліся да Гродна, то дыверсанты ім дапамагалі, накіроўвалі артылерыю і паказвалі цэлі савецкім танкам і авіяцыі.

19 верасня, калі Гродна рыхтавалася да абароны, саветы зайшлі ў Вільню, неўзабаве капітуляваў Львоў. Само Гродна для саветаў было вельмі ключавым, як важны камунікацыйны вузел. Савецкія войскі былі непараўнальна мацнейшыя, чым польскія сілы. Палякі не мелі ніводнай супрацьтанкавай зброі. У іх руках былі бутэлькі з выбуховай сумессю. На адным баку былі абаронцы Гродна, у пераважнай большасці мірныя жыхары, на іншым – паўнавартасная армія.
Захоп Гродна здаваўся саветам вельмі простым, таму першымі туды заехалі толькі 13 танкаў, а імправізаваная абарона ўсе іх ліквідавала. Першая савецкая атака закончылася відовішчнай паразай. Рашучая абарона і знішчэнне танкаў сталі нечаканасцю для Чырвонай Арміі.

Абаронцаў было каля 2 тысяч, з іх толькі 200 былі жаўнерамі. Яны былі ўзброеныя старымі французскімі вінтоўкамі з Першай сусветнай вайны і бутэлькамі з бензінам. Да абаронцаў далучылася гродзенская моладзь, але таксама і дзеці. Вядомы выпадак Тадэвуша Ясіньскага, сына прачкі, гарцэра, якому было толькі 13 гадоў.

-Ён таксама ўзяў у рукі бутэльку і кінуў яе ў танк. Саветы выйшлі з танка, вельмі моцна пабілі малога. А самае жахлівае, што потым зрабілі, гэта прывязалі хлопца да танка, а з гараджан, якія былі побач, зрабілі жывы мур. Палякі стралялі, каб не было, што не стралялі. Хлопец атрымаў пяць куль, – гаворыць Ірэнэвуш Вывял.

Ноччу з 20 на 21 верасня ў Гродна прыбыло падмацаванне на чале з генералам Вацлавам Пшэзьдзецкім. Ён аднак паведаміў, што яго галоўная задача – арганізаваць эвакуацыю. У Гродне надалей працягвалі зацятыя баі. Атака Чырвонай Арміі была значна мацнейшая і вечарам 21 верасня было вядома, што на наступны дзень не будзе за што змагацца, а ўсе, хто носіць зброю і страляе, павінны пакінуць горад. Згодна з рашэннем камандавання з Гродна выйшлі здольныя да змагання жаўнеры і добраахвотнікі.

22 верасня саветы занялі Гродна. Чырвоная Армія ўзяла ў палон каля тысячы чалавек.
Паводле следства польскага Інстытуту нацыянальнай памяці, забітымі былі каля 300 чалавек, але мяркуецца, што гэта не канчатковая лічба.


ав

17 верасня 1939 года - позірк гісторыка

17.09.2022 07:03
17 верасня інакш ацэньвае Варшава, інакш – Мінск. 

Напярэдані 17 верасня ў Беластоку размаўлялі пра савецкую агрэсію супраць Польшчы ў 1939 годзе

17.09.2022 08:02
Напярэдадні 17 верасня чарговая сустрэча гістарычнага клубу Beer&History ў Беластоку была прысвечаная менавіта тым падзеям.