Беларуская Служба

Польшча прыгадвае ахвяр ваеннага становішча

13.12.2022 15:39
Паводле падлікаў гісторыкаў, цягам ваеннага становішча ў Польшчы было забіта ад некалькіх дзясяткаў да ста чалавек, а інтэрнавана каля 10 тысяч палякаў, у тым ліку былыя кіраўнікі краіны і партыі.
Аўдыё
  • Польшча прыгдвае ахвяр ваеннага становішча
Zdjęcie z archiwaliów będących zapisem historii polskiej opozycji antykomunistycznej i aparatu represji PRL, prezentowanych w siedzibie Archiwum Akt Nowych w Warszawie w ramach obchodów 41. rocznicy wprowadzenia stanu wojennego.
Zdjęcie z archiwaliów będących zapisem historii polskiej opozycji antykomunistycznej i aparatu represji PRL, prezentowanych w siedzibie Archiwum Akt Nowych w Warszawie w ramach obchodów 41. rocznicy wprowadzenia stanu wojennego. PAP/Albert Zawada

41 год таму, уначы з 12 на 13 снежня 1981 года, у Польскай Народнай Рэспубліцы было ўведзена ваеннае становішча. Улада ў краіне апынулася ў руках Ваеннага савету нацыянальнага выратавання, які ўзначаліў першы сакратар ЦК Польскай аб'яднанай рабочай партыі, старшыня Савету міністраў ПНР генерал Войцех Ярузельскі.

У 6 гадзін раніцы 13 снежня 1981 года менавіта ён па цэнтральным тэлебачанні і радыё абвясціў увядзенне ваеннага становішча:

-Абвяшчаю: сёння быў скліканы Ваенны савет нацыянальнага выратавання. Дзяржаўны савет, згодна з канстытуцыяй, сёння апоўначы на тэрыторыі ўсёй краіны ўвёў ваеннае становішча.

Мэтай ваеннага становішча была ліквідацыя сацыяльнага пратэсту, затрыманне дэмакратызацыі, распачатай у жніўні 1980 года, а менавіта барацьба з надзвычай масавых рухам «Салідарнасці». Афіцынай падставай для ваеннага становішча было названа пагаршэнне гаспадарчага палажэння краіны і пагроза дзяржаўным інстытутам.

Савет нацыянальнага выратавання стрымаў выхад прэсы, былі мілітарызаваныя тэлебачанне, радыё, прамысловыя прадпрыемствы ды ўсе іншыя дзяржаўныя ўстановы. На тэрыторыі ўсё краіны была ўведзена каменданцкая гадзіна. Прафсаюзы і аб’яднанні былі дэлегалізаваныя і распушчаны, а забастоўкі і масавыя пратэсты крывава разганяліся арміяй і міліцыяй.

Хоць пачатак аперацыі па ўвядзенні ваеннага становішча пад кодавай назвай «Ёлка» быў прызначаны апоўначы, у многіх выпадках яна фактычна пачыналася раней, часам нават за гадзіну да паўночы, то-бок яшчэ да фармальнага ўвядзення ваеннага становішча.

Адзін з заснавальнікаў прафсаюза «Салідарнасць», актывіст апазіцыі ў Польскай Народнай Рэспубліцы Анджэй Гвязда, як і тысячы іншых палякаў, быў інтэрнаваны ў ноч з 12 на 13 снежня:

-Калі вяртаўся дадому ўжо тады было зразумела, што за мной сочаць. Я добра ведаў сваіх сексотаў. Паказаў іх таварышу, расказаўшы хто з іх у якім званні.

Ваеннае становішча ў Польшчы вельмі нагадвае падзеі ў Беларусі, які адбыліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Сваволля міліцыі і спецслужбаў ПНР прыгадваў у 2018 годзе рэпрэсаваны падчас ваеннага становішча Станіслаў Матэйчук:

-Першыя два тыдні ваеннага становішча былі самыя цяжкія. Не буду расказваць, што я перажыў. Распавяду пра сваю 15-гадовую сястру. Яны зламалі ёй нос такім чынам, што лекары аднавілі яго толькі па фатаграфіі. Калі б я зноў аказаўся ў той час, я б зрабіў тое сама, але ўжо лепей.

Легендарны польскі актывіст Збігнеў Буяк, сузаснавальнік «Салідарнасці» на трактарнай фабрыцы Ursus, пазбег затрымання ў г «Гранд Гатэлі» у Сопаце. Пазней быў актыўным дзеячам антыкамуністычнага падполля, хаваўся амаль пяць гадоў – да арышту ў траўні 1986 года. Праз гады ён падкрэсліваў, што падчас ваеннага становішча «Салідарнасці» удалося выпрацаваць мірную мадэль супраціву:

-Нашае глыбокае перакананне аб тым, што мы змагаемся выключна мірным шляхам, не было ніводнага праяву гвалту, не з’явілася лідараў, якія б заклікалі да гвалту. Гэта ўсё дазволіла нам утрымаць рух «Салідарнасці» нават ва ўмовах ваеннага становішча.

У 41-ю гадавіну агульнанацыянальнай трагедыі Сейм Польшчы асудзіў вінаватых ва ўвядзенні ваеннага становішча і аддаў належнае яго ахвярам, адпаведную пастанову зачытала старшыня ніжняй палаты парламенту Польшчы Эльжбета Вітэк:

-Сёння спаўняецца 41 год з дня ўвядзення ваеннага становішча. Сейм Рэспублікі Польшча рашуча асуджае ўсіх, хто быў адказны за яго ўвядзенне, і тых, хто служыў камуністычнаму рэжыму, злачынству і хлусні. Сейм Рэспублікі Польшча аддае належнае ўсім ахвярам ваеннага становішча, якія змагаліся за свабоду і салідарнасць.

Дэпутаты ўшанавалі памяць ахвяраў ваеннага становішча хвілінай маўчання і прамовілі за іх кароткі малебен.

Ваеннае становішча было адмененая падчас галоўнага свята ПНР – Дня адраджэння Польшчы – 22 ліпеня 1983 года; яно працягвалася 586 дзён. Паводле падлікаў гісторыкаў, цягам ваеннага становішча ў Польшчы было забіта ад некалькіх дзясяткаў да ста чалавек, а інтэрнавана каля 10 тысяч палякаў, у тым ліку, былыя кіраўнікі краіны і партыі.

13 снежня ў Польшчы – гэта Дзень памяці ахвяраў ваеннага становішча.

Слухайце аўдыё!

pr/iar/эж

У Польшчы распачаўся працэс былога функцыянера ZOMO

25.09.2019 14:11
Рамана С. падазраецца ў адкрыцці агню ў шахце «Вуек» 16 снежня 1981 году.