У Варшаве адбылася інклюзіўная сустрэча ў рамках праекта No borders inclusion. Польшча цягам апошніх двух год дала прытулак тысячам беларусаў, якія з’ехалі са сваёй краіны з меркаванняў бяспекі. Разам з тым у Польшчу едзе шмат людзей з інваліднасцю, бацькоў дзяцей, якія маюць асаблівасці развіцця і здароўя.
Слухайце далучаны файл!
Арганізатарка сустрэчы Эльвіра Каралёва гаворыць, што ў Польшчы цяпер жыве шмат беларусаў з інваліднасцю. Гэта было заўважна па тым, якія пытанні задаюць людзі ў мясцовых мігранцкіх чатах. Эльвіра вырашыла, што варта аб’яднаць такіх людзей ды стварыла асобны чат «Інклюзіўная Польшча» для камунікацыі на тэму інклюзіі і інваліднасці ў Польшчы, сацыялізацыі і актыўнага жыцця, асаблівасцяў атрымання і пацверджання інваліднасці, працаўладкавання, медыцыны, дапаможнікаў, інклюзіўных мерапрыемстваў, знаёмстваў і сяброўства. Цяпер у ім каля 500 чалавек.
Эльвіра Каралёва – мастацтвазнаўца, арт-тэрапеўт, pr-спецыяліст міжнародных сацыяльных праектаў, спецыяліст у сферы сацыяльнага бізнесу і інклюзіі.
– Польшча з’яўляецца спрыяльнай краінай для людзей з аўтызмам. Ёсць прыклады, калі беларусы, якія жылі ў іншых еўрапейскіх краінах, прыехалі ў Польшчу. Мая сяброўка жыла ў Францыі, але прыехала ў Польшчу дзеля свайго сына, які мае такі дыягназ. Я стала цікавіцца і даведалася, што тут добрыя школы для дзяцей з аўтызмам, добрае стаўленне да іх. Дзяцей з такім дыягназам тут не баяцца, — гаворыць Эльвіра Каралёва.
Эльвіра кажа, што не варта параўнаваць з умовамі ў Беларусі, бо «можна сысці глыбока ў развагах»:
– Канешне, шмат чаго рабілася, і ў інклюзіі Беларусь некаторы час таму была прагрэсіўная, мы шмат рабілі і на заканадаўчым узроўні спадзяваліся, што нешта зрушыцца.
Суразмоўца падкрэслівае, што нават у эміграцыі супольнасць падтрымлівае сувязь з людзьмі з інваліднасцю з Беларусі, са спецыялістамі. «Я не ў эміграцыі, а на падвышэнні кваліфікацыі», – гаворыць пра сябе Эльвіра Каралёва.
Падчас сустрэчы ў Моладзевым хабе была арганізаваная і выстава малюнкаў, перад гасцямі музычныя творы выконвалі дзеці з асаблівасцямі развіцця.
Выстава работ Матвея Вельгаса.
Васіль Ядчанка шмат гадоў працуе ў медыя. Ён быў трэнерам у медыяпраекце No Borders Inclusion для людзей з інваліднасцю – вучыў іх як працаваць з сучасныі медыйнымі інструментамі, як ствараць відэаролікі, каб распавесці свету пра сябе, свае праблемы і поспехі.
– Былі людзі з розных краін, з розным досведам таго, як здымаць відэа, як паводзіцца ў кадры, але людзі з інваліднасцю. Калі я выкладаю, як здымаць відэа, то звычайне не думаю пра тое, як паказаць гэта чалавеку, які не бачыць ці бачыць толькі на 10-15%. Або як патлумачыць чалавеку, які ў інвалідным вазку, як здымаць так званую стэндап праходку. Гэта быў выклік, але мы змаглі стварыць сумесны праект.
Жыццё для людзей з інваліднасцю непараўнальна больш цяжкае, чым для чалавека, які не мае такіх абмежаванняў. Ім патрэбныя ўмовы, якія дапамогуць жыць паўнавартасна, быць уключаным у сацыяльныя працэсы.
вх