У СІЗА палітзняволеныя знаходзяцца з 18 траўня 2021 года. За гэты час КДБ уключыў іх у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
18 траўня 2021 года адбыўся разгром TUT.BY. Сілавікі ўварваліся не толькі ў офісы, але і дамы супрацоўнікаў парталу. Затрыманымі былі 15 чалавек. КДК паведаміў, што службовых асоб кампаніі абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле ўлады, кампанія будучы рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій атрымала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.
Ужо падчас следства былі дададзеныя іншыя абвінавачанні: арганізацыя наўмысных дзеянняў, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы; заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт.
Прадстаўніцам TUT.BY пагражаюць вялікія тэрміны – нават 12 гадоў пазбаўлення волі.
Гэтая справа не мае дачынення да крымінальных злачынстваў ці неправамерных дзеянняў. Гэта расправа над журналістамі і самым вядомым беларускім парталам, гаворыць прэс-сакратар БАЖу Барыс Гарэцкі.
-Расправа над парталам, які дзесяцігоддзямі рабіў добрую беларускую журналістыку. Дзякуючы гэтаму ён стаў адным з самых папулярных парталаў у краіне. Гэта шматгадовая праца калектыву ў розных жанрах, накірунках і фарматах. Усё гэта было косткай у горле беларускіх уладаў. Яны хацелі, каб людзі чыталі прапаганду. Першы наезд здарыўся па «справе БелТА» ў 2018 годзе, у 2021 годзе ўлада канчаткова знішчыла TUT.BY і цяпер распраўляецца над тымі, хто быў за стырном партала. Усе астатнія выйшлі на волю, а Чэкіна і Золатава – гэта людзі, якія стаялі за стырном. Марына Золатва кіравала рэдакцыйным калектывам, а Людміла Чэкіна – развіццём кампаніі. Цяпер над імі ідзе расправа. Ім прад’яўляюць не толькі эканамічныя артыкулы, якія таксама цалкам нацягнутыя, але і адкрыта палітычныя матывіроўкі. Нібыта яны кепска пісалі пра чыноўнікаў і тым самым негатыўна асвятлялі падзеі ў Беларусі, а пра апазіцыю пісалі пазітыўна. Гэтае і іншае ляжыць у аснове абвінавачання, але вядома, што гэта расправа над журналістамі.
Працэс праходзіць у зачыненым рэжыме, падрабязнасцяў публічная думка не даведаецца. Барыс Гарэцкі дадае, што гэта нармальная практыка ў цяперашніх умовах.
-Калі ў справе фігуруе арт. 130 КК (распальванне варажнечы), суд звычайна цяпер робяць закрытым. Улада матывуе гэта тым, каб варажнеча не распальвалася далей. Я думаю, насамрэч справа ў тым, каб падрабязнасці справы не сталі вядомыя грамадству. Каб ніхто не змог падтрымаць Марыну і Людмілу ў залі суда, каб максімальна абмежаваць нашых калег ад родных, ад падтрымкі грамадства. Грамадства даведаецца толькі тое, што вырашыць улада.
У дадзены момант 32 прадстаўнікі медыя знаходзяцца за кратамі. Усе сядзяць па крымінальных артыкулах. Частка ўжо адбывае пакаранне, частка знаходзіцца ў СІЗА і чакае канца следства і судовага працэсу.
Сёння павінен быў пачацца суд і над дзеячам СПБ і журналістам Анджэем Пачобутам. Суд перанеслі на 16 студзеня.
ав
слухайце аўдыё