Беларуская Служба

Цяпер беларусы святкуюць, гуляюць, творча працуюць і растуць - пра што піша беластоцкая «Ніва»

09.01.2023 17:26
Працяг калядных свят і ў «Зорцы» – старонцы для дзяцей і моладзі.
Архіўныя нумары «Нівы» Фота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Агляд другога нумара тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад 8 студзеня 2023 года

Заахвочваю пагартаць наш штотыднёвік, які выходзіць ужо 68 год у Беластоку. Цяпер беларусы святкуюць, гуляюць, творча працуюць і растуць. Адразу святочна – на першай старонцы працяг «Каляднага вечара з Віктарам Шведам». Ганна Кандрацюк распавядае пра калядную вечарыну ў Праваслаўным цэнтры культуры ў Беластоку, дзе была зладжана імпрэза, прыцягнуўшая неверагодную колькасць людзей усіх пакаленняў, але і адкрыла іх на прыгажосць і багацце традыцыі, падмацавала беларускія душы і целы. З вершамі, калядкамі, стравамі, якія падрыхтавалі сябры Валі Швед з ліцэя ў Міхалове.

Працяг калядных свят і ў «Зорцы» – старонцы для дзяцей і моладзі, дзе выступаюць вядучыя імпрэзу Міхася Косціна і Ніна Белавежац з Пачатковай школы н-р 4 у Беластоку, вучаніцы Аліны Ваўранюк. Квітнее нам зорчына старонка, разам са сваімі карэспандэнтамі, як каляднікі-кветкі ў новым вершы Міры Лукшы. У «Зорцы» таксама працяг цікавай і важнай размовы дзяцей з майстар-класаў «Сустрэчы Зоркі нумар 34», з незвычайным пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым. Ён кажа: «Я лічу што гэта вельмі важна, дзе чалавек нараджаецца, бо гэта абяцае яму такі лёс».

Іншы гісторык, рэдактар Яўген Вапа, у сваім фельетоне на другой старонцы «Сваімі вачыма» заклікае «Не губляйма веры»: «З глыбіні сэрца жадаю ўсім вам: не губляйце веры! Бо на нашым баку Божая воля і нашая бясконцая любоў да свайго краю. З новым годам, дарагія суродзічы! Жыве Беларусь, і будзе жыць!».

На другой старонцы важкія фельетоны – Уладзіміра Хільмановічы, і філосафа з Рыбакоў у Нарваўскай гміне Міраслава Грыкі. У іх вучоныя і гарачыя важныя словы пра быццё тут нас. А на трэцяй – сумныя і горкія. Адышла ад нас, пражыўшы 76 гадоў, народная паэтэса Валя Мядзведзь, шчырая і таленавітая беларуска, якая спрацаванымі рукамі пісала свае невучоныя і простыя вершы пра тое самае – пра свабоду, радасць жыцця і працы на роднай старонцы і любоў да яе і да людзей, – славуты голас з Радыё Рацыя.

Аматарка прыгажосці і роднага староння, так як і аматары фатаграфіі – пра іх піша Аляксей Мароз у рэпартажы з завяршэння дваццаць восьмага конкурсу «Падляшша ў аб'ектыве» імя Віктара Волкава ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы. Сёлета ў фотаконкурсе перамаглі Адам Высоцкі, Яраслаў Клей, Анна Мыскоўская-Плычэўская.

Пасляконкурсная выстава ў Беларускім музеі прыцягне і турыстаў, і сваіх, як фэсты, якія летам і восенню мінулага года арганізавала Беларускае Грамадскае Таварыства па ўсім Падляшшы, не абмінаючы паўднёвай яго часткі, дзе – у Мельніцкай гміне, праводзіўся фестываль «Культура без межаў». А быў ён у Машчонай-Каралеўскай, дзе калектывам «Навіна» кіруе Галена Датчук, мінулагодняя лаўрэатка ўзнагароды маршалка Падляшскага ваяводства ў галіне культуры. Фэсты разам з БГКТ суарганізавалі самаўрады і актыў вёсак і мясцовыя дабрадзеі, пры падтрымцы, вядома, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Яно падтрымлівае і «Ніву», і іншыя меншасныя арганізацыі і мае свае патрабаванні, нават да паэзіі і паэтаў, і да іх выданняў!

А ў новай «Ніве» – працяг паэтычнага агляду Андрэя Сцепанюка, дырэктара Бельскага белліцэя, у якім на адной старонцы, ужо ў 54 адрэзку «Вершаўчытальні», прадстаўляе выбар твораў выдатных сучасных беларускіх паэтаў і паэтэс, таксама аўтараў у перакладзе на беларускую мову (цяпер Томаса Вэнцловы ў перакладзе Лявона Баршчэўскага) – Наталлі Арсенневай, Рыгора Барадуліна, Галіны Тварановіч, Віктара Шніпа, Леаніда Галубовіча, Надзеі Артымовіч, і дадае свой каментар. «Застаецца яшчэ штосьці чаго ніхто нам не адбярэ – памяць. Памяць аб тых, якія былі заўсёды побач і тых, якія заблукалі ў наша жыццё на кароткую хвіліну. Яны надалей жывуць у тых месцах, дзе мы іх спаткалі і разам з імі былі. Застаецца разам з намі праведзены час; пражытае шчасце і гора». Тэксты хвалюючыя, кранаючыя.

Так як апавяданні Жэні Мартынюк на суседняй старонцы – «Казка пра залатога птаха» і «З другога боку люстэрка», вельмі жаноцкія, як і сама бельская паэтэса, вельмі добры, уражлівы чалавек, сяброўка літабʼяднання «Белавежа». І наступны белавежац – адзін з маладзейшых – Юрка Буйнюк, які разважвае пра свайго сябру Алёшу з Мінска. Яшчэ ў «Ніве» пастаянныя рубрыкі – «Дата з календара», адгаданка, допісы карэспандэнтаў з вёсак – у гэты раз Янкі Целушэцкага з Новага і Старога Ляўкова, справядлівы гараскоп, у якім пра тое, што будзе праз тыдзень.

І на дванаццатай – апошняй старонцы «Нівы» самы цікавы і багаты допіс ніўскага следапыта Аляксандра Вярбіцкага – пра іконы Багародзіцы. Пачалося ад пытання – якая ікона апякуецца Цэнтрам праваслаўнай культуры ў Беластоку. А гэта ікона Элеўса.
Варта разгарнуць новы нумар нашага беларускага штотыднёвіка і знайсці для сябе штосьці цікавае, карыснае, хвалюючае.

Агляд «Нівы» падрыхтавала журналістка тыднёвіка Міра Лукша, спецыяльна для Беларускай службы