Інтэрнэт-выданне Niezalezna.pl паведамляе, што беларус спрабаваў правезці праз мяжу забароненыя рэчы. Памежнікі на мяжы канфіскавалі аб’екты, якія ахоўваюцца палажэннямі канвенцыі CITES. Сярод іх, у прыватнасці, шкуры і чарапаха.
У багажы грамадзяніна Беларусі, які перасякаў мяжу ў Тэрэспалі, супрацоўнікі знайшлі дзве дубленыя мядзведжыя шкуры, ваўчыную шкуру і два чэрапы мядзведзя, прымацаваныя да дошак, аб чым паведаміла Юстына Пасечынска, прэс-сакратар кіраўніка KAS (Krajowa Administracja Skarbowa – Нацыянальная адміністрацыя дзяржаўнай скарбніцы).
У сваю чаргу, на мяжы з Украінай у Хрэбенным супрацоўнікі Люблінскай KAS затрымалі грамадзяніна Украіны, які незаконна хацеў увезці ў Польшчу жывую стэпавую чарапаху.
У падарожнікаў не было дазволаў, таму афіцэры канфіскавалі экзэмпляры. Чарапаху змясцілі на каранцін у заапарк у Замасці.
«Буры мядзведзь, шэры воўк і стэпавая чарапаха з'яўляюцца ахоўнымі відамі ў адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (CITES). Каб легальна перавозіць іх праз мяжу, неабходныя дазволы CITES. Дакументы выдаюцца ўпаўнаважанымі органамі краін, з якіх асобнікі экспартуюцца або імпартуюцца«, – патлумачыла Пасечыньска.
Яна нагадала, што незаконная перавозка асобнікаў, якія знаходзяцца пад аховай CITES, зʼяўляецца злачынствам. За гэта пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў з канфіскацыяй асобнікаў, якія перавозяцца.
нг