Праваабарончая супольнасць уручыла штогадовую праваабарончую прэмію. У катэгорыі «Праваабаронца году» прэмію атрымала Наста Лойка. Журналістам году названая журналістка «Новага часу» Аксана Колб. У катэгорыі праваабарончыя кампаніі ці ініцыятывы пераможцам стаў Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі.
Прэмія была заснавання ў 2008 годзе. Яе ўручаюць тым, хто зрабіў унёсак у абарону правоў чалавека. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко.
Яўгенія Парашанка з Беларускага дому правоў чалавека ва ўступе адзначыла, што абарона правоў чалавека – гэта няпростая справа, гэта заўсёды пакліканне, а асабліва ў Беларусі апошнія два гады.
-Падчас рэпрэсій праваабаронцы дзейнічаюць з вялікай рызыкай. Ахвяруюць не толькі кар’ерай, але лёсам і свабодай. Наша прэмія адлюстроўвае стан праваабарончай супольнасці Беларусі. І летась, і сёлета ў нас былі кандыдаты і лаўрэаты ў зняволенні. На жаль, нічога не змянілася.
Старшыня беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай адзначыла, што прэмія – гэта ўшанаванне правоў чалавека і ўшанаванне мужнасці і высілкаў калег па абароне правоў чалавека.
-Думаю, кожны з нас адчувае яшчэ большую матывацыю і неабходнасць працы ў тым ліку за калег, якія сёння знаходзяцца ў зняволенні.
.
Праваабаронца году – Наста Лойка – восем гадоў працавала ў «Вясне», з 2018 году стала адной з заснавальніц праваабарончай арганізацыі «Human Constanta». Яна абараняла правы мігрантаў і людзей без грамадзянства, займалася правамі мігрантаў, працавала з тэмай г.зв. экстрэмісцкіх законаў. Наста Лойка зрабіла вялікі ўнёсак у нефармальную адукацыю ў галіне правоў чалавека. Цяпер яна за кратамі.
Узнагароду ад яе імя атрамала яе паплечніца:
- Мне адначасова прыемна і балюча стаяць сёння тут і атрымліваць прэмію за яе. Мне здаецца, што Наста сёння сказала б, што для яе гэтая прэмія ў тым ліку прызнанне ўсіх жанчын-праваабронцаў і іх велізарнага ўнёску ў агульную справу.
.
Галоўная рэдактар газеты «Новы час»Аксана Колб – журналіст 2022 году. Да жніўня 2021 году, калі спыніўся выхад папяровага выдання, газета была крыніцай інфармацыі для людзей за кратамі. Аксана Колб два месяца правяла ў СІЗА, яе асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі. Цяпер яны ў эміграцыі.
Журналістка перадала словы падзякі:
-Гэта вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду ды яшчэ ў такія часы. Гэта ўзнагарода ўсёй каманды «Новага часу», у тым ліку тых, хто цяпер за кратамі: Дзяніса Івашына і Мікалая Дзядка. Гэта ўзнагарода калег, якія за кратамі, якія з’ехалі, і хто дасюль працуе ў Беларусі. Свабода слова – гэта базавае права, як права на жыццё. Без свабоды слова кожны дыктатар паверыць, што мае права на жыцці людзей. Без свабоды слова чалавек не можа адчуваць сябе свабодным. Менавіта таму ў нашай краіне журналістаў спрабуюць прымусіць замаўчаць.
.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі дакументуе выпадкі катаванняў з боку беларускіх уладаў. Камітэт прасоўвае ідэю прыцягнення да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, ідэю недапушчальнасці беспакаранасці на міжнародным узроўні.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання прадстаўніца камітэту падкрэсліла, што ў 2020 годзе яны нават не думалі, што ў 2023 годзе будуць яшчэ працаваць, а нават працаваць яшчэ больш.
-Спадзяюся, гэтая прэмія дазволіць прыцягнуць больш увагі да праблемы Беларусі. А тыя пацярпелыя, хто застаўся сам на сам са сваёй праблемай, даведаюцца, што яны не адныя. Што мы і нашыя калегі працуем над тым, каб усе вінаватыя панеслі адказнасць.
Па традыцыі прэмію ўручаюць леташнія лаўрэаты. У двух катэгорыях, праваабаронца і журналіст года, сёлета гэта было немагчыма. Марфа Рабкова і Дзяніс Івашын знаходзяцца за кратамі.
ав