Пра ўнёсак польскіх інжынераў у авіяцыйныя вынаходніцтвы, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце, распавядае дакументальна-гістарычны фільм, падрыхтаваны Цэнтральнай вайсковай бібліятэкай у Варшаве – «Польскія вынаходкі – моц саюзных крылаў».
Як сказаў кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў вайны і ахвяраў рэпрэсій Ян Юзэф Каспшык, пастаноўка мае на мэце распаўсюдзіць веды аб тым, наколькі выдатнымі вынаходнікамі былі польскія інжынеры, якія працавалі падчас і пасля Другой сусветнай вайны:
- Гэта белая пляма, не толькі ў гісторыі, але найперш, у еўрапейскай ды сусветнай свядомасці. Мы вырашылі нашай кінапрадукцыяй запоўніць гэты прабел, бо калі мы самі не будзем ведаць пра ўнёсак польскіх вынаходнікаў, то чаго чакаць ад іншых.
Сцэнарыст фільму Норбэрт Рудась падкрэслівае, што многія факты, прадстаўленыя ў кінапрадукцыі, былі раней невядомыя:
- У фільме расказваем пра звыш дзясятка самалётаў: сярод іншых, брытанскія бамбавікі Маскіта (Mosquito) і Ланкастэр (Avro Lancaster), пры якіх канструктарамі працавалі польскія інжынеры. Паводле мяне, самая цікавая частка фільма адносіцца да таго, што адбылося пасля заканчэння вайны. Усе гэтыя знакамітыя авіяканструктары пасля вайны далі асновы сучаснай авіяпрамысловасці і касмічнага будаўніцтва Заходняй Еўропы і ЗША.
Фільм «Польскія вынаходкі – моц саюзных крылаў» зняты ў рамках дакументальнага серыялу, прысвечанага польскай тэхнічнай думцы часоў Другой сусветнай вайны.
IAR/яс