Частка семʼяў беларускіх палітвязняў лічыць, што Захад павінен пачаць перамовы з рэжымам аб вызваленні іх сваякоў. Адкрыты ліст, накіраваны заходнім палітыкам, апублікавалі сваякі цяперашніх і былых палітвязняў у Беларусі. Да серады яго падпісалі больш за 40 семʼяў, паведамляе «Rzeczpospolita».
Сярод падпісантаў: Таццяна Хоміч – сястра Марыі Калеснікавай, асуджанай на 11 гадоў пазбаўлення волі і Святлана Мацкевіч – жонка філосафа і інтэлектуала Уладзіміра Мацкевіча, асуджанага на 5 гадоў зняволення.
«Мы заклікаем лідараў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў для вызвалення палітвязняў, уключаючы перамовы і намаганні як публічнага, так і непублічнага характару», – гаворыцца ў лісце.
Падпісанты не маюць ілюзій, што больш чым праз два гады пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, рэжым Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на заходнія санкцыі і ізаляцыю, не мае намеру вызваляць палітвязняў.
«Трэба шукаць новую стратэгію, бо цяперашні падыход не працуе(… )За два гады частку людзей адпусцілі. Гэта паказвае, што магчымасці ёсць», – кажа Таццяна Хоміч.
Гаворка ідзе грамадзянку Швейцарыі Наталю Хершэ, якая была арыштаваная падчас пратэстаў у 2020 годзе. Каб вызваліць яе з турмы, у Мінск тэлефанавалі высокапастаўленыя швейцарскія палітыкі, а новы амбасадар Швейцарыі ў Беларусі ўручыў Лукашэнку даверчыя граматы, нягледзячы на ізаляцыю краіны Захадам.
Пашанцавала таксама амерыканцам. Беларус па паходжанні, палітолаг Віталь Шкляраў у кастрычніку 2020 года выйшаў на волю з СІЗА КДБ пасля званка тагачаснага дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа.
Якім чынам заходнія палітыкі павінны пераканаць дыктатара вызваліць беларускіх грамадзян? Аслабіць санкцыі і пачаць перамовы?
«Мы патрабуем выкарыстаць усе магчымасці ў справе вызвалення нашых блізкіх», – кажа сястра Марыі Калеснікавай і нагадвае, як былы канцлер Германіі Ангела Мэркель тэлефанавала Лукашэнку наконт міграцыйнага крызісу, выкліканага Мінскам на мяжы з Польшчай.
«Толькі крах гэтай таталітарнай сістэмы вызваліць палітвязняў. Трэба ўзмацніць санкцыі і ціск на дыктатара. Яго трэба цалкам ізаляваць», – кажа ў сваю чаргу Андрусь Шарэнда, які з дзецьмі быў вымушаны ўцякаць ад рэжыму ў Літву. Ягоную жонку Паліну Шарэнду-Панасюк летась асудзілі на тры гады калоніі.
«Я разумею тых, хто лічыць, што з Лукашэнкам, які ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны, размоваў быць не можа. Але я з разуменнем стаўлюся і да тых, для каго жыццё і здароўе блізкіх самыя важныя», – кажа ў размове з газетай «Rzeczpospolita» ветэран беларускай дэмакратычнай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч. Ён нагадвае, што раней Лукашэнка адпускаў зняволеных толькі пад моцным ціскам, і калі шукаў кантакт з Захадам. Так было пасля вайны ў Грузіі ў 2008 годзе і пасля акупацыі Крыма ў 2014 годзе. Ён зрабіў гэта, каб захаваць уладу.
аз