Беларуская Служба

У закрытым працэсе судзяць Анджэя Пачобута – журналіста і сябра «Саюзу палякаў Беларусі»

16.01.2023 15:20
Журналісту пагражае ад 5 да 12 год пазбаўлення волі.
Аўдыё
  • Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года.
   . 16  2022 .
Анджэй Пачобут у судзе. 16 студзеня 2022 года. Фота: БелТА

Разгляд справы журналіст Анджэя Пачобута неаднаразова пераносілі: спачатку працэс прызначалі на 28 лістапада, затым на 9 студзеня, цяпер – на 16 студзеня 2023 г. Судовы працэс вядзе суддзя Дзмітрый Бубенчык, вядомы ўдзелам у палітычных судовых працэсах.

Палітзняволенага журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. На гэтым настаяў бок пракуратуры. На працэс спачатку пусцілі толькі бліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў. Пазней усім загадалі выйсці з залі паседжанняў. Журналісту пагражае ад 5 да 12 год пазбаўлення волі.

Журналісту пагражае ад 5 да 12 год пазбаўлення волі.

Сёння вечарам у Беластоку адбудзецца вулічны пікет на знак салідарнасці з Анджэем Пачобутам. Чакаецца, што на пікет прыйдзе дэпутат Сейма Польшчы Роберт Тышкевіч, прадстаўнікі саюзу палякаў, старшыня падляскага аддзялення Таварыства польскай супольнасці Анна Кетлінска, прадстаўнікі беларускай дыяспары ды іншыя.

Журналіст Ян Роман таксама гарадзенец, у 2020-ым ён моцна пацярпеў ад дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, быў цяжка збіты. Цяпер жыве ў эміграцыі ў Беластоку.

Ян Роман гаворыць, што Пачобут быў заўважнай асобай у польскай дыяспары ў Беларусі, а да таго ж прынцыповым чалавекам, што заўсёды муляла беларускім уладам.

– Я ведаю Анджэя, напэўна, ужо дваццаць гадоў. Ён прынцыпова падыходзіў да многіх рэчаў, і калі працаваў у беларускай медыясферы і пазней, калі працаваў для польскіх медыя. Думаю, ёсць дзве прычыны пераследу: яго стаўленне да падзей як прынцыповага журналіста і той факт, што ён сябра Саюзу палякаў у Беларусі. Прынцыпова падыходзіў да многіх рэчаў, напрыклад, да захавання памяці, быў заангажаваны ў дзейнасць Саюза. Гэта не першы судовы працэс супраць Анджэя.

Намеснік старшыні Беларускай сацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі гаворыць, што праваабарончая і прафесійная супольнасць ад моманту затрымання прызнаюць Пачобута палітзняволеным.

– Анджэй амаль два гады знаходзіцца ў ізалятары, гэта відавочна палітычная справа. Ён быў затрыманы, калі ўлады шукалі любыя дачэпкі да людзей, звязаных з Саюзам палякаў. Анджэй трапіў у кола рэпрэсій. Да таго ж ён дасведчаны журналіст, былы сябра камісіі па этыцы беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле інфармацыі Агнешкі Рымашэўскай (Дырэктаркі канала «Белсат». – Рэд.), Анджэю прапаноўвалі свабоду ў абмен на выезд з Беларусі. Але ён адмоўся прызнаваць сябе ў нечым вінаватым і выязджаць кудысьці, бо ён нічога не парушаў.

На думку Гарэцкага, пераслед публічных асобаў з польскай супольнасці ў Беларусі – гэта і своеасаблівы здзек з Польшчы як дзяржавы. Летась, нагадаю, да пераследу актывістаў дадалося і руйнаванне старых вайсковых могілак жаўнераў Польшчы.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродна пасля ператрусу ў сваім доме.

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Таксама вядома, што ўвосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў «Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

У Пачобута ёсць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Журналісту практычна блакуюць перапіску - лісты ён атрымлівае толькі ад родных.

Раней, у 2013 годзе, Анджэй Пачобут быў асуджаны з адтэрміноўкай прысуду паводле крымінальнай справы за нібыта паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Быў вызвалены ад адбыцця пакарання ў сувязі з тым, што ён не парушаў заканадаўства – паклёпу ў ягоных словах новы суд не знайшоў.

вх