Турцыя амаль кожнаму асацыюецца з летнім адпачынкам, морам і сонцам. Для палякаў жа Турцыя – гэта краіна, якая ў мінулым прыняла шмат польскіх уцекачоў, што шукалі прытулку ў часы, калі Польшчы не было на картах свету цягам 123 гадоў, ажно да адраджэння ў 1918 годзе. Больш за тое, для некаторых палякаў тагачасная Асманская Імперыя стала другой радзімай. А некаторыя з іх аселі ў паўднёвай краіне і нават заснавалі вёску, якую назвалі Адамполь. Адбылося гэта ў 1842 годзе.
Пра палякаў Турцыі, Адама Міцкевіча ў гэтай краіне і пра польскую вёску Адамполь нам раскажа краязнаўца Таццяна Царук, якая часта бывае ў гэтай паўднёвай краіне.
Наш суразмоўца кажа, што зацікаўленне Турцыяй з’явілася ў яе даўно, а прычыніўся да гэтага... Адам Міцкевіч. «Я родам з Навагрудку, роднага гораду Міцкевіча. А памёр вядомы паэт у Стамбуле. І вось, я паступова пачала цікавіцца біяграфіяй Міцкевіча, у тым ліку і яго турэцкім перыядам», – кажа Таццяна Царук.
Таццяна Царук з фотаапаратам у гарах Турцыі
Гісторыя польскай дыяспары ў Асманскай Імперыі сягае першай паловы 19-га стагоддзя. Тады многія палякі пакінулі Еўропу і пераехалі на тэрыторыю сённяшняй Турцыі, апасаючыся пераследу расійскага царызму з-за ўдзелу ў паўстанні 1830-1831 гадоў. У 1842 годзе недалёка ад Стамбула князь Адам Чартарыскі заснаваў польскую вёску, якая атрымала назву Адамполь у гонар свайго заснавальніка.
Цяпер населены пункт афіцыйна называецца Паланэзкой, што ў перакладзе з турэцкай мовы азначае «польская вёска». Згодна з традыцыяй, якая захавалася па сённяшні дзень, старастам вёскі абавязкова павінен быць паляк.
Падрабязней пра польскую вёску і палякаў у Турцыі слухайце ў далучаным аўдыёфайле.
З Таццянай Царук размаўляе Валеры Саўко.