Беларуская Служба

98 гадоў таму ў Польшчы было прынятае рашэнне аб узвядзенні Магілы невядомага салдата (ВІДЭА)

27.01.2023 15:01
«Тут ляжыць салдат, які загінуў за айчыну», – напісана на надмагіллі.
Аўдыё
  • 98 гадоў таму ў Польшчы было прынятае рашэнне аб узвядзенні Магілы невядомага салдата
Grób Nieznanego Żołnierza w Warszawie
Grób Nieznanego Żołnierza w WarszawieShutterstock

98 гадоў таму ў Польшчы было прынятае рашэнне аб будаўніцтве Магілы невядомага салдата. «Тут ляжыць салдат, які загінуў за айчыну», – напісана на надмагіллі. Магіла – гэта сімвал найвышэйшай ступені гераізму: ананімна аддаць жыццё за айчыну.

24 студзеня 1925 года па прапанове міністра вайсковых спраў генерала Уладзіслава Сікорскага Рада міністраў Польшчы прыняла рашэнне аб узвядзенні Магілы невядомага салдата.

Увогуле ідэя стварыць магілу невядомага салдата ўпершыню з’явілася ў Францыі пасля Вердэнскай аперацыі, якая паглынула больш за 500 тыс. жыццяў. Пасля Першай сусветнай вайны пад скляпеннем парыжскай Трыумфальнай аркі было пабудавана надмагілле салдату, які загінуў падчас баявых дзеянняў.

Першапачаткова, у лістападзе 1919 года, у першую гадавіну перамір’я, у Францыі было вырашана пахаваць Невядомага салдата ў Пантэоне, аднак пад ціскам грамадскасці было прынятае рашэнне размясціць магілу пад Трыумфальнай аркай. 28 студзеня 1921 года адбылося ўрачыстае пахаванне.

Праз два гады, у 1923 годзе, зарадзілася традыцыя штодзённага сімвалічнага запальвання Мемарыяльнага агню на Магіле невядомага салдата. Цяпер гэтага гонару ўдастойваюцца французскія ветэраны Другой сусветнай вайны.

Але вернемся ў Варшаву... У Польшчы 30 лістапада 1923 года па распараджэнні прэзідэнта Станіслава Вайцяхоўскага быў створаны Арганізацыйны камітэт па ўзвядзенні Магілы невядомага салдата.

Паседжанне камітэту пачалося ад дыскусіі, дзе ж размясціць Магілу? Разглядалася некалькі лакацый, ажно ў канцы было прынятае рашэнне адносна месцазнаходжання.

Магілу было вырашана размясціць на Саскай плошчы, якая цяпер носіць імя Юзэфа Пілсудскага і з’яўляецца галоўнай плошчай Варшавы. Тады на плошчы знаходзіўся знішчаны ў вайну Саскі палац, у якім размяшчаўся Генеральны штаб Войска Польскага. Магіла і палац мелі быць адзіным элементам, што мела сімвалічнае значэнне, беручы пад вагу факт, што ў будынку быў Генштаб. Дарэчы, нядаўна ўлады Польшчы прынялі рашэнне пабудаваць Саскі палац з нуля паводле планаў і праектаў, якія захаваліся ў архівах.

Сімвалічная труна з целам невядомага салдата была пахаваная на Саскай плошчы 2 лістапада 1925 года. Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзел прынялі прэзідэнт Станіслаў Вайцяхоўскі, генерал Уладзіслаў Сікорскі і маршал Юзэф Пілсудскі. Як згадвалі сучаснікі, касцельныя званы ў цэлай Варшаўскай дыяцэзіі званілі цягам гадзіны, калі адбывалася ўрачыстасць. А момант, калі труну апускалі ў зямлю, суправаджаўся стрэлам з гармат. Пасля гэтага ўся Польшча замерла падчас хвіліны маўчання.

Падчас Варшаўскага паўстання немцы ўзарвалі палац. Як жа здарылася, што захавалася магіла і фрагменты калон Саскага палаца? Паводле гісторыка, немец, які ўзрываў Саскі палац, не выканаў загаду. Для яго Магіла невядомага салдата была свайго роду сакрум, якое нельга знішчыць. Таму выбухоўка пад яе не была закладзеная, нягледзячы на тое, што памятнае месца было часткай будынку.

17 студзеня 1945 года, калі польская армія ўвайшла ў Варшаву, польскія салдаты на месцы Магілы распалілі сімвалічны касцёр замест знічаў, якія да вайны ў гэтым месцы пастаянна гарэлі. Пазней пачалася расчыстка Магілы.

У маі 1946 года Магіла невядомага салдата зноўку была адкрытая ў польскай сталіцы.

Валеры Саўк

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу