Беларуская Служба

Кіраўнік Паўстання ў Варшаўскім гета Мардэхай Анялевіч: кароткае жыццё яўрэйскага героя (ФОТА + ВІДЭА)

12.05.2023 06:01
80 гадоў таму ва ўзросце 24 гадоў загінуў Мардэхай Анялевіч – дзеяч антыгітлераўскага супраціву і камендант Яўрэйскай баявой арганізацыі.
Аўдыё
  • 80 гадоў таму ва ўзросце 24 гадоў загінуў Мардэхай Анялевіч – дзеяч антыгітлераўскага супраціву і камендант Яўрэйскай баявой арганізацыі
Мардэхай АнялевічFoto: Wikimedia Commons/dp

80 гадоў таму ва ўзросце 24 гадоў у Варшаве загінуў Мардэхай Анялевіч – дзеяч антыгітлераўскага супраціву, камендант Яўрэйскай баявой арганізацыі і кіраўнік Паўстання ў Варшаўскім гета.

Вясной 43-га паўстанне ў сталічным гета было ў самым разгары. Разумеючы безвыходнасць сітуацыі, хлопец пакончыў жыццём, калі яго бункер акружылі гітлераўцы. Сёння мы пазнаёмім з жыццёвым шляхам маладзёна, які быў надзвычай кароткім, але адначасова геройскім.

На пачатку нагадаю, што Паўстанне ў Варшаўскім гета пачалося 19 красавіка і закончылася 16 мая 1943 года. Яно было жорстка падаўлена нацыстамі.


Mordechaj Anielewicz, źr. Władysław Bartoszewski "Polska Podziemna i Getto" 1974, Wikipedia/dp Mordechaj Anielewicz, źr. Władysław Bartoszewski "Polska Podziemna i Getto" 1974, Wikipedia/dp

Нарадзіўся Мардэхай у беднай яўрэйскай сям'і ў 1919 годзе ў польскім горадзе Вышкаў, які знаходзіцца ў 60 км на ўсход ад Варшавы на трасе, якая вядзе ў бок Беластоку. Калі хлопчыку было некалькі год, яго бацька Абрам і маці Цырлі з дзецьмі пераехалі ў Варшаву. У сталіцы бацька Мардэхая адкрыў невялікую краму. Бацькі стараліся даць хлопцу добрую адукацыю, таму ён пайшоў вучыцца ў прэстыжную і прыватную мужчынскую яўрэйскую гімназію. Мардэхай быў выдатнікам, у сувязі з чым дырэкцыя школы вызваліла яго бацькоў ад аплаты. У 1938 годзе хлопец здаў экзамены на атэстат сталасці.

У палове 1930-х гадоў хлопец зацікавіўся палітычным і грамадскім жыццём. Ён быў членам розных маладзёвых палітычных арганізацыяй і яўрэйскага скаўтскага руху. У 1939 годзе ўвайшоў у кіраўніцтва найбольшай арганізацыі скаўтаў. Мардэхай таксама быў членам дабравольных атрадаў яўрэйскай моладзі, якія дзейнічалі супраць скрайне правых польскіх арганізацый, што ладзілі антысеміцкія акцыі.


Нямецкі рэгуліроўшчык на вуліцы Кракава, 1939 год Нямецкі рэгуліроўшчык на вуліцы Кракава, 1939 год

7 верасня 1939 года, праз тыдзень пасля нападу Германіі на Польшчу, Анялевіч з групай паплечнікаў накіраваўся з Варшавы на ўсход у надзеі, што Войска Польскае спыніць прасоўванне немцаў. Ён адправіўся ў занятую Чырвонай Арміяй Вільню, куды сцякаліся яўрэйскія бежанцы з акупаванай Польшчы, каб пераканаць іх у неабходнасці вяртацца на радзіму і змагацца супраць нацыстаў. Пры спробе нелегальна перасекчы савецка-румынскую мяжу з мэтай адкрыць яўрэйскай моладзі шлях да эміграцыі ў Палестыну хлопец быў затрыманы і некаторы час правёў у савецкай турме. Неўзабаве ён быў вызвалены і тайна вярнуўся ў Варшаву пасля капітуляцыі горада.


Ліквідацыя гітлераўцамі Варшаўскага гета, май 1943 года. Фота са справаздачы генерала СС Юргена Штропа Генрыху Гімлеру аб ліквідацыі гета. Адна з найбольш вядомых фатаграфій часоў Другой сусветнай вайны Ліквідацыя гітлераўцамі Варшаўскага гета, май 1943 года. Фота са справаздачы генерала СС Юргена Штропа Генрыху Гімлеру аб ліквідацыі гета. Адна з найбольш вядомых фатаграфій часоў Другой сусветнай вайны

Адразу ж пасля вяртання Анялевіч зноўку ўключыўся ў грамадскае жыццё. У прыватнасці, быў рэдактарам падпольнай газеты. Паводле сучаснікаў, Мардэхая людзі любілі, ён меў шмат сяброў, быў добрым арганізатарам, сціплым і мудрым маладым чалавекам.
У сакавіку 1942 года Анялевіч стварыў у Варшаўскім гета Антыфашысцкі блок. З кастрычніка 1942-га – кіраўнік Яўрэйскай баявой арганізацыі, якая змагалася з акупантамі збройным чынам і здзяйсняла замахі на здраднікаў і калабарантаў.

У студзені 1943 года байцы здолелі часткова сарваць другую хвалю дэпартацыі яўрэяў у «лагеры смерці»: замест 8 тыс. жыхароў гета, якіх гітлераўцы планавалі дэпартаваць, яны вывезлі толькі 5-6 тыс. Гэтая ўзброеная акцыя ўнесла адчувальны ўклад у зрыў і адтэрміноўку фінальнай дэпартацыі варшаўскіх яўрэяў.

Мардэхай Анялевіч быў афіцыйным кіраўніком паўстання ў Варшаўскім гета. Ён да апошняга адмовіўся пакідаць гета. 8 мая 1943 года, калі яго бункер, быў акружаны немцамі, Анялевіч са сваёй дзяўчынай і іншымі байцамі, якіх было каля 120 чалавек, здзейснілі самагубства. Кіраўніцтва паўстаннем перайшло да Марэка Эдэльмана – іншага легендарнага яўрэйскага байца, які пасля вайны стаў вядомым польскім лекарам і вялікім грамадскім аўтарытэтам.

Адна з удзельніц Яўрэйскай баявой арганізацыі пазней згадвала, што Мардэхай быў супраць суіцыду, бо лічыў, што калі ёсць хоць невялікі шанец вырвацца з акружэння да вечара, то такую спробу трэба прадпрыняць.

Пасмяротна Мардэхай Анялевіч узнагароджаны Ордэнам Крыжа Грунвальду і Крыжам Храбрых.

Яшчэ падчас вайны імям Мардэхая Анялевіча быў названы адзін з партызанскіх атрадаў Арміі Людовай. У 1955 годзе адна з варшаўскіх вуліц атрымала назву яўрэйскага героя. Вуліца імя Анялевіча ёсць таксама ў Амстэрдаме, а ў Вышкаве – памятная табліца, у адкрыцці якой удзел прыняў Марэк Эдэльман. У Ізраілі ёсць кібуц яго імя, а ў Варшаўскім універсітэце – Цэнтр яўрэйскай гісторыі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу