Беларуская Служба

Вітольд Ашурак - чалавек, які жыў і змагаўся дзеля Беларусі

21.05.2023 07:46
21 траўня, дзень смерці Вітольда, гэта Дзень беларускага палітвязня.
Аўдыё
  • Вітольд Ашурак - чалавек, які жыў і змагаўся дзеля Беларусі
Вітольд Ашураккрыніца: https://svabod1.azureedge.net/a/31267447.html/В.Быкоўская

У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай калоніі пры нявызначаных абставінах памёр бярозаўскі актывіст Вітольд Ашурак, асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі. Афіцыйная прычына – спыненне сэрца. Сваякі і сябры ў раптоўную смерць не вераць.

Вітольд Ашурак – актывіст з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ, каардынатар руху «За свабоду», не раз балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Падымаў экалагічныя пытанні, разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясціны паўстанцаў Каліноўскага.

Грамадская актывістка Вольга Быкоўская шмат гадоў сябравала з Вітольдам Ашуркам. Вольга запамятала яго як аднаго з самых прынцыповых і сумленных людзей.

-Мне Вітольд запоўніўся як чалавек, які бачыў мэту і ішоў да яе. У пэўны момант ён прыйшоў да таго, што будзе размаўляць па-беларуску, будзе выступаць, стане палітыкам. Яго жонка дыктавала яму дыктоўкі, ён пісаў без памылак, выступаў выдатна, стаў добрым аратарам. Вітольд – гэта чалавек, які жыў для Беларусі, змагаўся дзеля Беларусі. На жаль, па выніку загінуў за Беларусь, за нас усіх.

За ўдзел у акцыях пратэсту 18 студзеня 2021 года яму прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Вольга Быкоўская кажа, што на той час прысуд пяць гадоў для рэгіянальнага актывіста – гэта было неверагодна шмат.
21 траўня 2021 году Вітольд Ашурак памёр у калоніі, сваякі і сябры мяркуюць, што ў выніку здзекаў і збіцця.

-Прысуд быў для нас цяжкім. Вітольд потым пісаў, што мой твар скамянеў, калі я пачула прыгавор, але было не варта, бо ён на той момант ведаў, што яму дадуць пяць гадоў. У нас усё роўна была надзея. Цяпер пяць год выглядае не такім вялікім тэрмінам, але на той момант гэта быў самы вялікі прысуд, тым больш для рэгіянальнага актывіста. Нас усіх, хто быў на судзе, гэта шакавала. Мы паспрабавалі яго там жа на судзе падтрымаць, за што была заведзена асобная крымінальная справа. Я цешуся, што тады ў нас гэта атрымалася зрабіць, бо тады Вітольд выглядаў шчаслівым.

Калі казаць пра весткі аб смерці, то гэта быццам бы цябе нечым цяжкім стукнулі па галаве. Мне пазваніла яго жонка, сказала, што ёй званілі са Шклоўскай калоніі. Было кепска чуваць, мы да раніцы, пакуль яна не перазваніла, спадзяваліся, што гэта можа памылковая інфармацыя. На жаль, аказалася праўдай. Далей усё развівалася па вельмі сумным сцэнары, – расказвае Вольга Быкоўская.

Праўды і справядлівасці ў сённяшніх умовах сваякам дагэтуль не ўдалося дабіцца, кажа сяброўка Вітольда:

-Чым далей развіваецца сітуацыя, чым больш людзей выходзіць са Шклоўскай калоніі, тым больш разумення, што Вітольда забілі. Прычым забілі ў літаральным сэнсе гэтага слова: рукамі і нагамі ў памяшканні ШЫЗА, куды яго змясцілі. Цяпер я ў гэтым амаль упэўненая, на 90-95%. Афіцыйнай інфармацыі пра прычыны смерці дагэтуль няма. Перапіска з братам была спыненая, бо ў пэўным моманце СК вырашыў, што ён недастатковы сваяк, каб весці з ім перапіску. Не былі агалошаныя дадзеныя эскпертызы, а там праводзілі і ўскрыццё. Адзінае, што было, гэта папера, якую выдалі адразу аб тым, што ён памёр пры нявызначаных абставінах, але потым забралі. Адзінае, што ёсць – гэта пасведчанне аб смерці.

Татуіроўка Вольгі Быкоўскай Татуіроўка Вольгі Быкоўскай

Пасля смерці актывіста Вольга набіла сабе татуіроўку: Вітольд Ашурак у выглядзе гладыятара:

-Я да гэтага часу думаю, што гэта было правільнае рашэнне. Акрамя рамантычнай версіі, што ў мяне ёсць анёл-абаронца, то гэта знак, што памяць пра Вітольда не павінна знікнуць. Калі мы нарэшце вернем уладу ў сваёй краіне, то павінен з’явіцца і помнік, і вуліца яго імя, а памяць пра Вітольда павінна быць належным чынам ушанаваная.

21 траўня – Дзень беларускага палітвязня. Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Беларусі цяпер 1520 чалавек, паводле politzek.me – 1749.

ав

слухайце аўдыё


Татуіроўкі беларусаў: цытаты Бяляцкага, Вітольд Ашурак, 23.34 (ФОТА)

30.03.2023 09:29
Пасля 2020 году некаторыя беларусы прынялі рашэнне перадаць свае перажыванні і свой досвед у выглядзе татуіровак.

Праваабаронцы заклікаюць 21 траўня выказаць салідарнасць з палітвязнямі ў Беларусі

06.05.2023 16:31
Праваабаронцы «Вясны» абралі тэмай сёлетняга Дня палітвязняў ліст і права на ліставанне.

21 траўня – Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У Польшчы адбудуцца мітынгі, набажэнства, вечары памяці

21.05.2023 07:46
Мерапрыемствы да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі 21 траўня пройдуць у розных краінах і гарадах. У Польшчы ў розных гарадах запланаваныя мітынгі, вечары памяці.