Беларуская Служба

У Польшчы праходзіць фінал 30-ай экалагічнай акцыі «Прыборка свету»

15.09.2023 11:30
Сотні тысяч вучняў і актывістаў прыбіраюць смецце ў сваёй ваколіцы.
Аўдыё
  • У Польшчы праходзіць фінал 30-ай экалагічнай акцыі «Прыборка свету»
.
..

Упершыню акцыя прайшла 30 гадоў таму ў Аўстраліі. У Польшчы ўвесь гэты час яе праводзіць фонд «Нашая зямля». Сотні тысяч вучняў і актывістаў прыбіраюць смецце ў сваёй ваколіцы. Сёлета зарэгістраваліся больш за 2500 груп валанцёраў.

Галоўны каардынатар акцыі ў Польшчы Гжэгаж Мікошак кажа, што сёлета прыборка будзе адбывацца таксама пад вадою. Гэта, з аднаго боку, час падвядзення вынікаў за ўсе гэтыя гады, а таксама час бягучай працы. Адметнасцю акцыі з’яўляецца тое, што яна праходзіць ва ўсім свеце, кажа каардынатар.

-Пачаткі былі вельмі далёка адсюль, у Аўстраліі. З часу той першай акцыі цэлы свет прыбірае. Увогуле праблема смецця – гэта праблема ўсяго свету. Гэта не толькі ў Польшчы выходзячы на прагулку мы сустракаем у прыродзе смецце. А паколькі акцыя стала развіваецца, то можна з упэўненасцю сказаць, што цэлы свет прыбірае ў рамках акцыі.

У 1989 годзе акцыю прыдумаў аўстралійскі марак і бізнесмен Ян Кернан.

-Гэта вельмі цікавая гісторыя. Ян Кернан, які быў аўтарам ідэі, быў мараком. Аднойчы заплываючы ў Сіднейскі заліў ён пабачыў вельмі шмат смецця. І сказаў, што прыйшоў час нешта з гэтым зрабіць. Паколькі ён быў чалавекам слова, то ён сапраўды ўзяў справу ў свае рукі. Сабраў сваіх знаёмых, яны прыбралі частка Сіднейскага заліву і так нарадзілася акцыя Clean up Australia.

Ужо ў 1993 годзе ААН узяла патранаж над акцыяй, як «Clean up the world». Праз год, у 1994, Міра Станіслаўска-Майштовіч, полька, якая пастаянна жыве ў Аўстраліі, прывезла і прышчапіла сваю ідэю ў Польшчы. З таго часу стандартна ў верасні ў трэція выходныя праходзіць акцыя «Прыборка свету».

Да гэтага часу ў акцыі прымалі ўдзел 23 млн чалавек.

-Гэта сапраўды велізарная колькасць удзельнікаў, якія такім чынам атрымалі базавую экалагічную адукацыю: пабачылі праблему забруджання і хацелі нешта зрабіць. Мы таксама палічылі, колькі смецця сабралі за гэты час, хоць гэта была няпростая задача. На працягу 30-ці гадоў удзельнікі акцыі сабралі 45 тысяч тон. Часта нават цяжка сабе гэта ўявіць. Нашыя эксперты параўналі гэта да 375 блакітных кітоў, велізарных млекакормячых, якія жывуць у акіянах, і гэта наш супольны вынік, – гаворыць Гжэгаж Мікошак.

На жаль, кажа каардынатар акцыі, праблема застаецца, асабліва гэта тычыцца штодзённага смецця. У месцах адпачынку, пікнікоў можна знайсці нямала гэтак званага смецця выходнага дня.

Гжэгаж Мікошак тлумачыць, што ўдзел школаў у акцыі надзвычай важны, неабходна з маленства прышчэпліваць эказвычкі:

-Эказвычкі трэба ў сабе будаваць. Калі мы бачым перапоўненую сметніцу, то гэта не прычына, каб кінуць смецце ў любым іншым месцы. Хоць гэта часты аргумент: смецім, бо няма сметніц. Гэта няпраўда, іх шмат. Больш таго, часта мы бачым, што смецце раскіданае вакол сметніц. Мы згадвалі пра падводныя акцыі. На жаль, вадалазы з дна азёраў часта дастаюць менавіта сметніцы. Рэч, якая павінна дапамагаць нам утрымліваць чысціню, нехта вырывае і выкідвае на дно возера. Паверце мне, што выцягнуць такую сметніцу з дна возера, калі яна ўся абрасце расліннасцю, гэта нялёгкая справа.

Кожны год акцыя пачынаецца 22 красавіка, у Міжнародны дзень зямлі. У трэція выходныя верасня заўсёды праходзіць фінал. Гаворка пра тое, каб кожны ў любы момант мог прыбраць любімае месца, сцежку, пляж, і прадэманстраваць ідэю чысціні ў прыродзе.

На думку арганізатараў з фонду «Наша зямля», кожны спосаб прыцягнуць увагу да праблем навакольнага асяроддзя добры. Людзі, якія ўдзельнічаюць у акцыі «Прыборка свету» зазвычай вельмі свядомыя экалагічных праблем. Гэта з імі для тых, хто такой свядомасці не мае, фонд «Нашая зямля» змагаецца за агульную планету.

слухайце аўдыё

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце