Беларуская Служба

У Польшчы найбольш святароў за ўсю гісторыю, а секулярызацыя найхутчэй прагрэсуе сярод моладзі

01.10.2023 09:17
У Варшаве адбылася прэзентацыя справаздачы «Касцёл у Польшчы 2023». 
Аўдыё
  • У Польшчы найбольш святароў за ўсю гісторыю, а секулярызацыя найхутчэй прагрэсуе сярод моладзі
.
.pixabay.com/CC0

У ёй паказваецца ўзровень рэлігійнасці палякаў. Дадзеныя паказваюць, што зараз у Польшчы найбольш святароў за ўсю гісторыю Касцёла ў Польшчы, а ў той жа час секулярызацыя найхутчэй прагрэсуе сярод моладзі. Толькі 10 працэнтаў апытаныя старшакласнікаў адказалі, што вера – гэта той элемент, які надае сэнс жыццю.

Дакумент падрыхтаваны Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам у супрацоўніцтве з Інстытутам спадчыны нацыянальнай думкі імя Рамана Дмоўскага і Ігнацы Падарэўскага. Выдавецтва прадстаўляе дзейнасць Касцёла ў Польшчы, між іншым, у душпастырскай, евангелізацыйнай, дабрачыннай і сацыяльнай сферах.

Дырэктар Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва Марцін Пшэцішэўскі сказаў, што справаздача паказвае, што Касцёл у Польшчы – актыўны і натхняльны:

-Справаздача паказвае, што Касцёл у Польшчы з'яўляецца моцным і маладым, у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі. Ён налічвае самую вялікую ў гісторыі колькасць святароў – больш за 34 тысячы. Ён мае мноства рухаў, супольнасцяў, асацыяцый, надалей крэатыўных, паколькі стала паяўляюцца новыя формы рэлігійнасці, як сустрэчы ў Легніцы, экстрэмальныя Крыжовыя шляхі. То бок ёсць шмат натхнення.

Марцін Пшэцішэўскі таксама звярнуўся да тэмы секулярызацыі, якая абмяркоўваецца ў справаздачы:

-Дагэтуль мы казалі пра паўзучую секулярызацыю, сёння кажам пра секулярызацыю галопам. У сувязі з гэтым Касцёл, як супольнасць веруючых людзей, пачынаючы ад святарства, а завяршаючы вернікамі, павіннен сурʼёзна задумацца над тым, што рабіць, якія сродкі прымяняць. І адным з вырашэнняў, якое паказвае справаздача, зʼяўляецца актывізацыя свецкіх людзей, іх большая адказнасць да ўдзел у апостальскай працы.

Толькі 10 працэнтаў апытаныя старшакласнікаў адказалі, што вера – гэта той элемент, які надае сэнс жыццю. Апублікаваныя дадзеныя паказваюць, што для 21% моладзі адсутнасць веры ці абыякавасць абумоўлена «асабістымі перакананнямі», для амаль 19% «непрыязнасцю да Касцёла як інстытута», а для 9% «веды аб негатыўных маральных паводзінах святароў».

Польшча па-ранейшаму лічыцца больш рэлігійнай краінай, чым іншыя. Тым не менш, як дадаюць аўтары справаздачы, на працягу 5-8 гадоў назіраюцца хуткія змены ў польскай рэлігійнасці. На ўзроўні ўсяго польскага грамадства дэкларацыя веравызнання за апошнія 30 гадоў не моцна змянілася, але змяніліся практыкі, адзначылі даследчыкі. Яны ўказалі на фактары, якія, на іх думку, з’яўляюцца «рухавікамі» польскай секулярызацыі: рэлігійныя практыкі ў найбуйнейшых гарадах і ў самым маладым пакаленні. У 1992 годзе ў буйнейшых гарадах 52% людзей рэгулярна займаліся рэлігійнымі практыкамі, цяпер – 28%, а колькасць тых, хто не практыкуе, вырасла з 18 да 40%. Яшчэ адным рухавіком секулярызацыі з’яўляюцца нізкія рэлігійныя практыкі самых маладых пакаленняў, асабліва людзей, якія нарадзіліся ў 1997 годзе, гэта значыць сучасных 26-годак, і наступных пакаленняў. Сярод гэтай узроставай групы 38% наогул нерэлігійныя.

Каталіцкі Касцёл дапамагае бедным, хворым, інвалідам, беспрацоўным і залежным. Галоўнай установай падтрымкі Касцёла з’яўляецца «Карытас»:

-Нечым характэрным для Касцёла ў Польшчы, як паказвае справаздача, зʼяўляецца тое, што ён зʼяўляецца пасля дзяржавы другой установай па аказванні дапамогі найбяднейшым, сацыяльнай дапамогі ў многіх сферах. Апошнім часам вельмі важны адрэзак – гэта дапамога ўцекачам з Украіны і іншых краін. Гэта паказвае вельмі цікавы вобраз Касцёла, вобраз міласэрнага Езуса, які вядзе велізарную дабрачынную дзуйнасць, – гаворыць Марцін Пшэцішэўскі.

Справаздача змяшчае таксама аналіз манаскага жыцця, пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, удзелу свецкіх і іх месца ў супольнасці Каталіцкага Касцёла, універсітэтаў, каталіцкіх школ і дзейнасці Касцёла ў СМІ, культуры і экуменічным дыялогу. Даследаванне паказвае таксама прававыя, канкардатныя і канстытуцыйныя рамкі, у якіх Касцёл функцыянуе ў грамадскім жыцці ва ўмовах дэмакратычнай дзяржавы.

Дакумент паказвае сілу супольнасці. Аўтары прызнаюць, што, паводле справаздачы, усе рэлігійныя суполкі і рухі сёння дзейнічаюць дынамічна. На іх думку, рэалізуецца сцэнар Бэнэдыкта XVI, які казаў, што паўстае Касцёл малых супольнасцяў. Усе іншыя статыстыкі падаюць, але колькасць суполак і рухаў расце. У Польшчы больш за 10 тысяч парафій з больш чым 65 тысячамі парафіяльных арганізацый. За апошнія 25 гадоў колькасць суполак павялічылася больш чым напалову, кожны 12-ы вернік належыць да супольнасці. Таксама расце доля дабрачынных груп.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры