У Берліне ў выдавецтве hochroth Minsk выйшла кніжка вершаў беларускага паэта Сяргея Прылуцкага. Усе вершы, акрамя трох, напісаныя пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, але і гэтыя тры таксама пра вайну і яе прадчуванне.
Сяргей Прылуцкі больш за 15 гадоў жыве ва ўкраінскай Бучы. Мяркуецца, што расіяне маглі забіць у Бучы каля 400 мірных жыхароў. Маштаб трагедыі быў адкрыты пасля выхаду расіня з мясцовасці 29 сакавіка 2022 году.
Сяргей здолеў выехаць з Бучы прыкладка пасля двух тыдняў акупацыі, вярнуўся ў траўні 2022 году, калі ў мястэчку аднавіўся транспарт, паявіліся вада і ацяпленне. Праз кватэру Прылуцкіх пайшлі расіяне, некаторыя рэчы былі скрадзены.
Цяпер Буча, па словах Сяргея, дастаткова спакойнае месца, хоць чуваць як над Кіевам працуе СПА, чуваць і калі ракета падае на горад:
-Людзі звыкаюць да пэўных экстрэмальных умоваў. Хто не можа да іх прывыкнуць, то жыве ў іншым месцы, ці за мяжой. Астатнія прыстасоўваюцца да абставінаў. Шмат у чым гэта стрэсавыя сітуацыі і небяспека вайны, але людзі нават намагаюцца жартаваць і з іроніяй ставіцца да вайсковых нязручнасцяў падчас атак.
Сяргей не разлічвае на хуткае завяршэнне вайны. З самага пачатку ён разумеў – гэта надоўга.
Кніжка вершаў Сяргея Прылуцкага выйшла ў Берліне ў выдавецтве hochroth Minsk
У новую кнігу паэзіі “Нічога нястрашнага” ўвайшло каля 30 вершаў.
-Адзін з гэтых трох вершаў з цыклу «Лісты Адаму», якія я пісаў у асноўным у 2022 годзе. Гэтыя вершы, магчыма, з’яўляюцца прадчуваннем вайны, але я хацеў бы нагадаць, што мы з 2014 году жывем у прадчуванні вайны. Мне здаецца, што ў маіх вершах вайна пачалася са зборніка «Патрыятызм для чайнікаў», напісаная ад імя выдуманага паўночна-карэйскага паэта. Там апісана як краіна, мелася на ўвазе Беларусь, пераўтвараецца ў Паўночную Карэю. І там ёсць элементы вайны, але на метафарычным узроўні. Цяперашняя кніжка «Нічога нястрашнага» па сутнасці тое, што называюць дакументальнай паэзіяй, – расказвае Сяргей.
Пра што б ні пісаў паэт, ні маляваў мастак, ні граў музыка ў час вайны – вайна так ці інакш праявіцца ў яго творчасці, лічыць Сяргей Прылуцкі.
-Чалавек, які жыве ва ўмовах вайны, свядома ці падсвядома адлюструе свой досвед у тым, што ён піша. Нават калі пра гэта не гаворыцца наўпрост.
Сяргей расказвае, што пачаткова намагаўся ўступаць у дыскусіі на фоне папсаваных адносін паміж беларусамі і ўкраінцамі:
- Гэта было ў Фэйсбуку. Пасля некалькіх спробаў я зразумеў, што пакуль, мабыць, няма сэнсу ў гэтым удзельнічаць. Думаю, што больш глыбокія размовы яшчэ будуць. Але больш канструктыўнымі яны могуць быць, калі ўлягуцца эмоцыі. Мяне не чулі. Адначасова шмат маіх сяброў і знаёмых ведаюць сітуацыю, якая склалася ў Беларусі пасля 2020 году.
Поўная размова з Сяргеем Прылуцкім пра вайну і творчасць - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав