Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: “Рэвалюцыя ў Беларусі не скончылася…”

01.04.2024 16:48
Трэці год у эміграцыі. Спачатку Грузія, цяпер Польшча. Паўсюль шмат цікавага, але хочацца ўрэшце займацца любімай справай…
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: “Рэвалюцыя ў Беларусі не скончылася…”
ПознаньAutorstwa Stanisław Szewczyk - Praca własna, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org

Жыў звычайным жыццём, а 20-ы год…

У Стаса эканамічная адукацыя. Некалькі год спрабаваў працаваць па спецыяльнасці, але, як сам прызнаецца - асаблівага задавальнення ад бізнесу не атрымоўваў і вялікіх грошай не зарабіў.

У жыцці было іншае хобі – фатаграфія. Гэта вабіла, цікавіла, а таму, паводле суразмоўцы, фатаграфія і стала яго асноўным заняткам у жыцці.

- Мяне, канешне, больш цікавіла мастацкая фатаграфія, але напачатку на жыццё даводзілася зарабляць тым, што рабіў здымкі на дакументы. Пазней знайшоў фотастудыю ў Мінску, куды мяне ўзялі на працу адміністратарам і фатографам. І з гэтага часу пачалася мая прафесійная кар’ера.

Згадваючы той час, Стас распавядае, што жыў звычайным жыццём, палітыка яго, як і многіх навокал, не цікавіла, хаця ўлада з калгасным ладам сімпатый не выклікала. А ў 20-ым годзе на чарговыя выбары, паводле суразмоўцы, пачалі вылучацца кандыдаты з канкрэтнымі праграмамі, якія ўзбудзілі цікавасць грамадства і яго таксама.

Усе навокал былі стомленыя ад гэтай улады. Ад іх неадукаванасці. Памятаю, што ўсё маё атачэнне было настроена супраць гэтай улады, нават мой дзед, які раней заўсёды галасаваў за Лукашэнку, калі я яго запытаў – за каго на гэтым разам аддаў голас, адказаў – за Ціханоўскую. Маўляў, надакучыла ўжо гэтая ўлада…

Старонку назад мы не перагарнулі

Стас удзельнічаў у акцыях пратэсту, прыходзіў на маршы, даводзілася хавацца і ўцякаць. Згадвае, як на іх палявалі ГУБЗІКаўцы, выбівалі дзверы ў кватэрах, дзе хаваліся пратэстоўцы. Было і страшна і жахліва.

Але яшчэ больш было шкада, што не атрымалася. Тады ўсе чакалі, што ваенныя пяройдуць на наш бок, але гэтага не здарылася. Так, шкада, што не атрымалася нешта змяніць, але беларусы паказалі, што не згодныя. Прычым, паказалі гэта мірным шляхам, яшчэ раз падкрэсліваючы, што яны ні варвары, а еўрапейцы.

Тым не менш, суразмоўца лічыць, што рэвалюцыя ў Беларусі, якая пачалася ў 20-ым годзе, не скончылася.

- Нейкую рысу мы ўжо перайшлі і назад старонку не перагарнулі, мы працягваем ісці па гэтай старонцы. І я веру, што гэта працэс, які рана ці позна прывядзе нас да нармальнага развіцця, каб урэшце забыць усё гэта савецкае і рухацца наперад. А не так, як зараз…

Грузіны адрозніваюць беларусаў ад расейцаў

З’язджаў Стас з Беларусі не адразу. Яшчэ больш году была вера ў тое, што наступіць рэванш, што яшчэ ёсць надзея на перамогу, былі спробы нешта рабіць, але потым пачалася вайна.

- Тады ўсе былі ў шоку, не ведалі чаго чакаць і я ў першай хвалі з беларусамі адляцеў у Грузію. Тады думалі, што і Беларусь Расея зацягне ў вайну, а таму трэба было ўцякаць, каб не забралі ў войска. Я сабе не мог уявіць, што могуць паслаць страляць ва ўкраінцаў. Гэта нонсэнс. А ў Грузію можна было ехаць без візы і жыць там цэлы год.

Аказалася, што грузіны вельмі гасцінна паставіліся да беларусаў і па-чалавечы было вельмі прыемна. Яны, паводле суразмоўцы, адразу адрознівалі беларусаў ад расейцаў.

-Ёсць два спосабы. Беларусы больш мякка размаўляюць па-расейску і ў гэтым адчуваецца акцэнт. А па-другое, беларусы заўсёды вітаюцца, дзякуюць. Рускія пра гэта забываюць…

Стас кажа, што і ў яго захавалася сімпатыя да грузінаў і цяпер ён часта ўзгадвае тых людзей і іх краіну. Захапляла прырода, ландшафты з горнымі рэчкамі і наагул прыгажосць.

- А па другое, людзі там не тое, што простыя, яны нейкія блізкія. Там ведаеце як – сёння ты едзеш з ім у таксі, а ўжо ўвечары ў яго ў гасцях, разам вячэраеш і п’еш віно. Вось у іх неяк так…

Першае ўражанне ад Варшавы – нібыта вярнуўся ў Мінск

Тым не менш з часам Грузію давялося пакідаць і часткова з эканамічных прычынаў. Пасля аб’яўлення мабілізацыі ў Расеі ў Грузію хлынулі тысячы мігрантаў адтуль. Суразмоўца згадвае, што арэнда кватэры падскочыла ў пяць разоў: калі раней плацілі 200 даляраў за месяц, то цяпер кошт вырас да тысячы.

Але гэта, як прызнаецца суразмоўца, была не асноўная прычына, маўляў, даўно хацелася пажыць у еўрапейскай краіне. А ў Польшчы былі сваякі, хаця раней ніколі тут не быў.

Першае ўражанне, калі я прыляцеў у Варшаву – нібыта вярнуўся ў Мінск. Той самы вільготны клімат, бо ў Грузіі ён сухі. А гэта вільгаць нагадала мне Мінск. Па-другое, дамы, архітэктура – у Варшаве шмат гэтых савецкіх “каробак”, як у спальных раёнах у Мінску. Я калі гэта пабачыў, думаю, вось вярнуўся ў Беларусь.

У планах – развівацца ў фатаграфіі

Праўда, пабачыўшы Познань, уражанне ад Польшчы змянілася. Уразіла архітэктура, касцёлы, еўрапейскасць… Аднак першы шок, як згадвае Стас, атрымаў ад аплаты за камунальныя паслугі, якія не параўнальныя ні з беларускімі, ні тым больш з грузінскімі.

Тым не менш, і да новых коштаў і правілаў хутка прыстасаваўся. Пакуль працуе ў ІТ-сферы, каб аплочваць гэтыя рахункі, але не пакідае і сваё любімае хобі.

- Буду і надалей спрабаваць больш развівацца ў фатаграфіі і відэаздымках. Тут больш мой рынак, чым у Грузіі. Я здымаю эротыку, а ў Польшчы гэта ўсё легальна. А таму вырашыў, што паспрабую адкрыць сваю фірму, а гэта, у сваю чаргу, дапаможа атрымаць сталы побыт. Наагул, думаю аб стварэнні галерэі, аб высокім мастацтве фатаграфіі.

У эміграцыі не проста, але спяшацца на радзіму не буду

Стас у эміграцыі ўжо трэці год і кажа, што ёсць адчуванне крыўды, што не можа вярнуцца ў сваю краіну. Паводле яго, з аднаго боку і хацеў пажыць у свеце, але з іншага – яго проста выштурхнулі з сваёй краіны і гэта непрымальна.

- З іншага боку, калі ты ў эміграцыі, мабілізуешся, не такі расслаблены, пачынаеш адкрываць у сабе схаваныя рэзервы. Разумееш, што можаш вырашаць праблемы пра якія раней ніколі нават не задумваўся. Гэта дадае табе нейкага новага развіцця і дазваляе паверыць у сябе.

Стас, як і ўсе эмігранты сумуе па радзіме, блізкіх, родных, цікавіцца навінамі з Беларусі, прызнаецца, што не стае знаёмага беларускага акружэння. Тым не менш кажа, што нават калі наступяць змены, вяртацца туды не будзе спяшацца. З аднаго боку надакучыла ізноў і ізноў усё пачынаць з пачатку.

Калі ў Беларусі адбудуцца змены, то чаму б не вярнуцца, каб унесці ўклад у развіццё сваёй краіны. Але галоўнае пытанне: як будуць адбывацца гэтыя змены. Маючы пад бокам такога суседа, як Расея, якая будзе заўсёды імкнуцца мець свой уплыў, не магу сказаць, што ў нас будуць такія перамены аб якіх мы марым. Хутчэй за ўсё будзе інакш: нам давядзецца змагацца з расейскім уплывам заўсёды.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Уладзіслаў, мастак: «Новай Беларусі для сябе не знайшоў, а старая скончылася»

25.03.2024 19:06
Чалавек, які расчараваўся ў Беларусі.