Беларуская Служба

ChatGPT «дапамагаў» здзяйсняльніку тэракта ў Лас-Вегасе

08.01.2025 13:30
Верагодна, гэта першы вядомы выпадак, калі ChatGPT быў выкарыстаны для стварэння выбуховага прыстасавання.
 Trump International  -
Гатэль Trump International у Лас-ВегасеBy Steve Jurvetson - https://www.flickr.com/photos/jurvetson/31353840774/, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=55001388

Жаўнер арміі ЗША, чыё цела было знойдзена ў аўтамабілі Tesla,  падарваным перад гатэлем Дональда Трампа ў Лас-Вегасе, скарыстаўся дапамогай ChatGPT у падрыхтоўцы тэракта, паведамілі прадстаўнікі тамтэйшай паліцыі. Паводле выдання Rzeczpospolita, гэта першы вядомы выпадак, калі ChatGPT - тэхналогія штучнага інтэлекту, распрацаваная OpenAI, была выкарыстана для стварэння выбуховага прыстасавання.



37-гадовы Мэцью Лівельсбергер быў адзіным загінулым у выніку выбуху аўтамабіля Tesla 1 студзеня ў Лас-Вегасе. Некалькі іншых чалавек атрымалі раненні. Мужчына выкарыстаў ChatGPT, каб вызначыць, колькі выбуховага матэрыялу яму трэба, каб выклікаць выбух, паведамілі прадстаўнікі паліцыі.

Паліцыя ўжо ўстанавіла, што вайсковец арміі ЗША з Каларада-Спрынгс дзейнічаў адзін. ФБР разглядае інцыдэнт як форму самагубства.

«У нас ёсць дакладныя доказы ў гэтай справе, што падазраваны выкарыстаў штучны інтэлект - ChatGPT для планавання гэтай атакі», - заявіў на прэс-канферэнцыі шэрыф Кевін МакМэхіл.

OpenAI заявіла, што імкнецца забяспечыць адказнае выкарыстанне інструментаў на аснове штучнага інтэлекту, у тым ліку мадэлі распрацаваны для адхілення «небяспечных інструкцый».

«У гэтым выпадку ChatGPT адрэагаваў, прадаставіўшы інфармацыю, якая ўжо агульнадаступная ў інтэрнэце, і папярэдзіў аб шкоднай або незаконнай дзейнасці», — гаворыцца ў заяве кампаніі, якую цытуе Axios.

Паводле ФБР, жаўнер-тэрарыст, верагодна, пакутаваў ад посттраўматычнага стрэсу. У тэлефоне мужчыны быў знойдзены маніфест на шасці старонках, змест якога зараз аналізуюць следчыя.

Аднак ФБР паведаміла, што 37-гадовы мужчына не ставіўся варожа да новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, пра што першапачаткова мог сведчыць той факт, што выбух адбыўся насупраць гатэля Trump International.

аз

ФБР шукае памагатых новаарлеанскага нападніка

02.01.2025 10:01
У выніку тэракту, здзейсненага ў Новым Арлеане ў навагоднюю ноч, загінулі 15 чалавек, у тым ліку тэрарыст.