Дадзеныя сабраныя людзьмі, могуць спрыяць захаванню рэдкіх відаў і ўмацаванню экалагічнай стабільнасці на планеце. Пра тое, як гэта можна зрабіць і чаму гэта важна сёння ў размове з экспертам.
Вы калі-небудзь заўважалі незвычайныя расліны ў парку ці на лецішчы? Ці Вы задумваліся, як вашы назіранні могуць дапамагчы навукоўцам? Могуць і вельмі, тлумачыць эколаг з Фонду «Неруш Натура» Уладзімір Зуеў.
— Навукоўцы не заўсёды паспяваюць сачыць за зменамі флоры ва ўсіх рэгіёнах, а калі тысячы людзей фіксуюць дадзеныя пра расліны, карціна становіцца больш поўнай. Гэта і ёсць прыклад грамадзянскай навукі, пра якую мы расказвалі. Звычайныя людзі збіраюць дадзеныя пра прыроду, дапамагаючы даследчыкам атрымліваць каштоўную інфармацыю. Такі абмен інфармацыяй актыўна развіваецца дзякуючы дадаткам і платформам, такім як iNaturalist, PlantNet, а таксама спецыяльным чатам у сацыяльных сетках, дзе можна дзяліцца сваімі назіраннямі. Сабраныя людзьмі дадзеныя дапамагаюць адсочваць змены клімату, распаўсюджанне рэдкіх відаў і нават кантраляваць з’яўленне інвазійных раслін. У Беларусі добрым прыкладам з’яўляецца праект «Векавыя дрэвы Беларусі», па вызначэнню, уліку і ацэнцы стану рэдкіх ды ўнікальных дрэваў Беларусі. Ён рэалізуецца са жніўня 2016 года па ініцыятыве Інстытута эксперыментальнай батанікі сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Беларускае батанічнае таварыства» і Таварыствам «Зялёная сетка».
На чым палягае гэты праект і ў чым яго значэнне?
— Асобныя ўнікальныя дрэвы-доўгажыхары і высокаўзроставыя насаджэнні з’яўляюцца эталонамі відаў, захавальнікамі найкаштоўнейшай дэндрахраналагічнай інфармацыі, неад’емнай часткай і важным кампанентам прыроднага ландшафту, забяспечваюць захаванасць генафонду біялагічнай разнастайнасці пэўнай мясцовасці, краіны і Зямлі ў цэлым. Любыя дрэвы, перыметр ствала якіх дасягнуў больш за 4 м (для хуткарослых таполяў і вярб – 5 м, а для хвойных парод – 2,5 м), варта лічыць асабліва каштоўнымі аб’ектамі расліннага свету, якія маюць батанічную, гістарычную і эколага-асветніцкую значнасць, і забяспечваць іх прававую абарону ад высечкі. А дрэвы, якія вылучаюцца экстрэмальнымі паказчыкамі сваіх параметраў, павінны стаць здабыткам і гонарам краіны.
Калі Вы знаёмы з дрэвамі-доўгажыхарамі, то можна паведаміць пра іх спецыялістам-дэндролагам з дапамогай спецыяльнай анлайн-формы, дрэвы зоймуць сваё пачэснае месца на мапе і будуць абследаваныя экспертамі інстытута.
— На дадзены момант на створанай спецыялістамі мапе зараз знаходзіцца больш за 100 дрэў. У выніку агульных намаганняў па дадаванні да прызнання запаведнага статусу было рэкамендавана дадаткова 90 унікальных аб'ектаў расліннага свету, якія ўжо часткова папоўнілі агульны спіс помнікаў прыроды. На першым месцы па вызначанаму ўзросту знаходзіцца дуб-кароль «Пажэжынскі» у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Яму 380 гадоў! У спіс найстарэйшых прадстаўнікоў не ўключаны дрэвы, якія растуць на тэрыторыях нацыянальных паркаў і запаведніка. У Белавежскай пушчы налічваецца больш за 1000 дубоў-веліканоў, дакладна вядома пра дуб узростам 400 гадоў і сасну – 380 гадоў. Па памерах самым «тоўстым» з’яўляецца Дуб-Якуб каля вёскі Казлы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Яго абхват складае 810 см., а ўзрост – 230 гадоў. Самым высокім дрэвам у Беларусі з’яўляецца лістоўніца ў Маўчадскім лясніцтве Баранавіцкага раёна. Яе вышыня – 50 метраў! Па сутнасці, гэта як 17-павярховы будынак!
Па выніках даследаванняў ужо выдадзена кніга «Жывыя помнікі: рэдкія і ўнікальныя дрэвы і насаджэнні Беларусі». Апроч таго назіранні людзей дапамагаюць маніторыць змены ў экалогіі, прадказваць наступствы клімату і нават знаходзіць новыя віды.
— Калі мясцовыя жыхары фіксуюць з’яўленне новых раслін або знікненне старых, гэта дае шмат карыснай інфармацыі. Дадзеныя, сабраныя грамадзянскімі навукоўцамі, дапамагаюць: ахоўваць рэдкія і знікаючыя віды; кантраляваць распаўсюджванне інвазійных раслін, якія могуць пагражаць экасістэме; адсочваць, як змяняецца флора праз кліматычныя змены. Просты прыклад: у 2020 годзе ў Еўропе грамадзянскія даследчыкі заўважылі, што некаторыя віды кветак пачалі квітнець на два тыдні раней чым звычайна. Гэта стала важным сігналам для навукоўцаў, якія вывучаюць змены клімату.
Таму кожнае ваша назіранне, кожная фатаграфія ў базе дадзеных робіць нашу навуку дакладнейшай і больш карыснай! Варта ведаць, што любы можа далучыцца да такой актыўнасці.
— Для гэтага існуюць спецыяльныя мабільныя дадаткі і сайты, дзе можна запісваць свае назіранні. Напрыклад, iNaturalist або PlantNet. Дастаткова сфатаграфаваць расліны і пазначыць іх месцазнаходжанне.
Мы даведаліся, наколькі важныя дадзеныя. Але як расказаць пра іх як мага большай колькасці людзей?
— Спосабы могуць быць самымі рознымі. Гэта і сацыяльныя сеткі, дзе кожны можа публікаваць свае назіранні ў Instagram, TikTok або Telegram-каналах. Калі нехта любіць пісаць, стварайце пасты пра расліны, іх уласцівасці і значэнне. Можна ладзіць міні-экскурсіі ў парках ці дварах, распавядаючы суседзям пра мясцовыя расліны. Настаўнікі ў школах праз школьныя і студэнцкія праекты могуць дапамагчы моладзі захапіцца батанікай. Дзякуючы даступнасці аўдыё і відэа тэхналогіі, цяпер аматары могуць ствараць падкасты, відэаагляды або нават дакументальныя міні-фільмы пра раслінны свет. Чым больш людзей даведаецца пра значэнне грамадзянскай навукі, тым больш каштоўных дадзеных зможа атрымаць навука!
Размаўляў Юры Ліхтаровіч