Беларуская Служба

Калі ў экстранным парадку не правесці рэформаў NFZ, сістэму аховы здароўя чакае катастрофа

10.03.2025 13:44
Якія рашэнні прапануе эксперт?
. Narodowy Fundusz Zdrowia.
Ілюстрацыя. Narodowy Fundusz Zdrowia.Фота: PIOTR MATUSEWICZ / EAST NEWS

Інтэрнэт-выданне Onet апісвае сітуацыю ў польскай службе аховы здароўя, а дакладней, праблемы з яе фінансаваннем. Эксперт Войцех Вішнеўскі (Wojciech Wiśniewski) з Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў папярэджвае аб паглыбленні крызісу.

Паводле яго слоў, у Нацыянальным фондзе аховы здароўя (NFZ) нарастае праблема дэфіцыту і страты магчымасці плаціць за паслугі. Гэта звязана з тым, што на NFZ накладзеныя новыя абавязкі без дадатковага фінансавання. Эксперт прагназуе, што ў другой палове года сітуацыя можа стаць катастрафічнай.

Асноўныя праблемы NFZ:

-Недастатковае фінансаванне – Польшча выдзяляе на ахову здароўя адзін з найменшых працэнтаў ВУП у ЕС.

- Рост чаргі да спецыялістаў – колькасць пацыентаў, якія чакаюць на прыём, павялічылася на 70% за апошнія два гады.

- Перанясенне фінансавання задач на NFZ – у тым ліку фінансаванне медыцынскай дапамогі ў экстранных выпадках зноў уключана ў абавязкі NFZ, а гэта дадаткова мільярды злотых выдаткаў.

- Неабмежаванае фінансаванне працэдур – NFZ пачаў аплачваць 100% выкананых звышпланавых медыцынскіх паслуг, што прывяло да росту непатрэбных працэдур. Скажам, шпіталь паводле кантракту можа зрабіць 100 аперацый у год. Калі ён рабіў больш, дык за звышурочныя павінен атрымліваць толькі частку фінансавання, але фонд і так плаціў 100%.

- Высокія заробкі лекараў – некаторыя спецыялісты зарабляюць больш за 100 тыс. злотых у месяц, што, на думку эксперта, патрабуе абмежавання.

Калі нічога не зрабіць, сістэму чакае катастрофа – кажа эксперт. Якія рашэнні ён прапануе?

- Неабходна павялічыць страхавы ўзнос на ахову здароўя на 0,5 працэнтнага пункта (да 9,5%), у тым ліку павялічыць узносы для фермераў і абмежаваць фіктыўныя страхоўкі ў Фондзе сельскагаспадарчага сацыяльнага страхавання (KRUS).

- Трэба таксама легалізаваць прыватныя медыцынскія паслугі ў «шэрай зоне», уводзячы 10-працэнтную падатковую ільготу.

- Не абыдзецца і без абмежавання высокіх заробкаў лекараў. Цяпер зарплаты лекараў-спецыялістаў можна ўжо параўноўваць з нямецкімі. І таму Войцех Вішнеўскі прапануе іх абмежаваць – напрыклад, да пяці сярэдніх заробкаў у краіне (каля 40 тыс. злотых брута). Неабходна перагледзець закон аб аплаце працы ў ахове здароўя і абмежаваць рост кантрактных заробкаў.

Эксперт падкрэслівае, што кожны наступны месяц без рэформаў паглыбляе крызіс і шкодзіць пацыентам. У выніку адсутнасць рашучых дзеянняў можа прывесці да краху сістэмы аховы здароўя.

нг