Беларуская Служба

Нямецкая разведка лічыць верагоднай уцечку Covid-19 з лабараторыі. Меркель адмовілася каментаваць

13.03.2025 15:31
Разведка зрабіла такія высновы на падставе аперацыі, падрабязнасці якой не ўдакладняюцца, і агульнадаступных дадзеных.
COVID-19
COVID-19fernandozhiminaicela /pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле ацэнкі Федэральнай разведвальнай службы Германіі (BND), з верагоднасцю ў 80-90% каранавірус, які стаў прычынай пандэміі Covid-19, у 2020 годзе выпадкова распаўсюдзіўся з Уханьскага інстытута вірусалогіі ў Кітаі. Пра гэта ў сераду паведамілі нямецкія газеты, на якія спасылаюцца польскія СМІ. 

Паводле сумеснага расследавання выданняў Die Zeit і Süddeutsche Zeitung, BND удалося даведацца, што інстытут праводзіў эксперыменты, падчас якіх патагены мадыфікаваліся такім чынам, каб стаць больш заразнымі для людзей у навуковых мэтах. Нямецкія выданні таксама пішуць пра шматлікія парушэнні правілаў бяспекі ў лабараторыі, інфармуе партал Gazeta.pl. 

Разведка зрабіла такія высновы на падставе аперацыі пад кодавай назвай Saaremaa, падрабязнасці якой не ўдакладняюцца, і агульнадаступных дадзеных. Даследаванне было замоўленае офісам тагачаснага канцлера Ангелы Меркель, але не было апублікаванае. 

BND адмовілася ад каментароў. Канцлер Германіі Олаф Шольц, які пакідае пасаду, таксама адмовіўся адказваць на пытанні наконт гэтага падчас прэс-канферэнцыі ў сераду. Ангела Меркель, якую журналісты папрасілі пракаментаваць пытанне, таксама не стала гэтага рабіць. 

Нямецкія газеты пішуць, што восенню 2024 года справаздача аб аперацыі была перададзеная амерыканскаму Цэнтральнаму разведвальнаму ўпраўленню. У студзені бягучага года крыніца ў ЦРУ заявіла, што, паводле ацэнкі амерыканскай разведкі, пандэмія Covid-19 з вялікай доляй верагоднасці адбылася ў выніку лабараторнай уцечкі. У адказ афіцыйны Пекін заявіў, што сцвярджэнні аб лабараторнай уцечцы віруса, якая нібы прывяла да пандэміі, не маюць дастатковых падстаў, і што Уханьскі інстытут вірусалогіі ніколі не праводзіў адпаведных даследаванняў і не меў ніякага дачынення да ўзнікнення або ўцечкі віруса.

вс