Беларуская Служба

Маладыя жанчыны, дзеўчыны даганяюць па ўзроўню агрэсіўнасці мужчын

15.10.2019 09:15
Дзецям, і малодшым, і старэйшым, падлеткам, вельмі патрэбны дарослы, з якім яны могуць свабодна паразмаўляць на кожную тэму.
Аўдыё
  • Жанчыны зраўналіся ў правах з мужчынамі, у тым ліку ў негатыўным аспекце
Маладыя жанчыны нярэдка паводзяць сябе агрэсіўнафота: Pixabay/TemperateSage/Creative Commons

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў значна вырасла колькасць агрэсіўных паводзін сярод жанчын і дзеўчын. Тое, што калісьці рабілі мужчыны, цяпер усё часцей датычыць маладых жанчын. Якія прычыны гэтай з’явы?

Жанчыны вельмі доўга змагаліся за свае правы. І цяпер у многіх галінах жыцця жанчыны могуць сябе рэалізаваць на роўні з мужчынамі. Немагчыма ўжо сабе ўявіць, што чалавеку было б забаронена галасаваць або ездзіць у грамадскім транспарце, вучыцца ў ВНУ толькі таму, што ён – жаночага полу. Зраўнанне ў правах, на жаль, мае таксама і свой адмоўны бок – жанчыны, асабліва маладыя дзеўчыны, становяцца ўсё больш агрэсіўнымі, многія не саромеюцца ўжо выражацца нецэнзурнымі словамі, брутальна змагацца за тое, да чаго імкнуцца, а нават удавацца ў бойкі. Такая менавіта бойка здарылася нядаўна ў горадзе Любін на паўднёвым захадзе Польшчы, дзе каля школы пабіліся дзве вучаніцы, а іншыя школьнікі стаялі навокал і заахвочвалі іх, а таксама здымалі ўсё здарэнне на сотавыя тэлефоны. Адну вучаніцу са страсаннем мозгу даставілі ў шпіталь, другая трапіла ў следчы ізалятар, як выключылі са школы.

Чаму расце агрэсія сярод жанчын і маладых дзеўчын? Дарослыя ўсё менш маюць часу для падлеткаў і дзяцей, між іншым таму назіраецца эскалацыя агрэсіі, – кажа псіхолаг Юстына Сьвенціцка.

- На маю думку, дзеўчыны даганяюць па агрэсіўнасці хлопцаў. Я не думаю, каб пра такую роўнасць мы марылі. Дарэчы, дзеўчыны ў іншых галінах маюць падобныя дасягненні, як і хлопцы. Яны перасталі ўжо быць ціхонямі, у якіх менш амбітных планаў. Так што ў добрых галінах жанчыны таксама даганяюць мужчын. Аднак я назіраю, што моладзь адчувае сябе ў некаторым сэнсе кінутай дарослымі. У падлеткаў вельмі мала кантактаў з добрымі дарослымі. У сваёй практыцы я бачу, што і вінаватыя, і ахвяры хочуць размаўляць з псіхолагам. Канешне, часцей прыходзяць ахвяры, ім прасцей звярнуцца да псіхолага, таксама прыходзяць староннія назіральнікі, якіх непакоіць нейкая з’ява. Трэба сказаць, што неабходна весці работу і з вінаватым, і з ахвярай, а таксама са сведкамі, паколькі часта яны адчуваюць сябе бездапаможнымі.

Псіхолаг кажа, што раней таксама нярэдка здараліся агрэсіўныя паводзіны вучняў, хаця часцей хлопцаў, чым дзеўчын. Як правіла агрэсія нарастае паступова, рэдка здараюцца такія рэзкія выпадкі, як у Любіне. Аднак прычына адна – у школе не хапае прафілактыкі.

- Няма прафілактыкі, няма прэвентыўных крокаў, якія павінны быць зроблены раней. Ёсць шмат добрых праграм, якія рыхтуюць настаўнікаў, як працаваць з агрэсіўнымі вучнямі ды іх ахвярамі. Акрамя таго, павінна быць на тэрыторыі школы такое месца, такая асоба, з якой можна спакойна паразмаўляць, сказаць ёй (яму), што нешта дрэннае адбываецца. І нельга казаць, што гэта данос.

Па словах псіхолага, дарослыя за мала размаўляюць з дзецьмі, асабліва з падлеткамі.

- З малодшымі мы размаўляем, але з падлеткамі перастаём. У сем’ях бацькі павінны нагадваць дзецям – калі нешта адбываецца, прыйдзі перш за ўсё да мяне, скажы мне. Акрамя таго, вельмі важна, каб у школе была таксама кантактная асоба, якая ўмее размаўляць з падлеткамі, пра што я ўжо казала. Павінны быць устаноўленыя нормы і правілы паводзінаў. Трэба яшчэ сказаць, што калі нешта здарыцца, мы канцэнтруем увагу на пакаранні вінаватых, а забываем пра сведкаў. Павінна быць гутарка, што неабходна рабіць у небяспечнай сітуацыі, як рэагаваць, але таксама аб тым, якія могуць быць юрыдычныя наступствы для сведкаў, якія бачылі здарэнне, але не адрэагавалі. Дарослыя павінны размаўляць з падлеткамі – што мы можам разам зрабіць, каб змяніць сітуацыю.

Дзецям, і малодшым, і старэйшым, падлеткам, вельмі патрэбны дарослы, з якім яны могуць свабодна паразмаўляць на кожную тэму, не баючыся быць негатыўна ацэненым. На жаль, у польскай сістэме адукацыі, дый, і беларускай, бадай, таксама, часта ў педагогаў і адміністрацыйнага персаналу не хапае часу і жадання, каб спакойна выслухаць дзяцей, не ацэньваючы адразу іх паводзінаў. Пра што гаварыла псіхолаг Юстына Сьвенціцка.

І Пр. ПР/Роман Чэярэк/пераклад нг