8 лістапада 1906 года Польская сацыялістычная партыя здзейсніла напад на царскі паштовы цягнік. Палітычнай арганізацыі грошы былі патрэбныя для рэвалюцыйнай дзейнасці.
Адной з найбольш сур’ёзных праблем Польскай сацыялістычнай партыі (ПСП) быў недахоп фінансавых сродкаў на дзейнасць. Грошы былі патрэбныя для выдавання прэсы, на зброю ды жыццё актывістаў, якія часта былі прымушаныя скрывацца ад царскіх жандараў. ПСП і раней здзяйсняла напады, але сумы зрабаваных грошай былі невялікія: некалькі тысяч, а часам усяго толькі некалькі сот рублёў. Пры гэтым аперацыі былі небяспечныя: у 1906 годзе дзеяч партыі і пазнейшы прэм’ер-міністар Польшчы Валеры Славэк у такой акцыі страціў вока.
Некалькі тыдняў таму мы расказвалі пра напад на паштовы цягнік, здзейснены 26 верасня 1908 года каля станцыі Безданы. Тады група польскіх сацыялістаў пад кіраўніцтвам Юзэфа Пілсудскага ўкрала з царскага паштовага цягніка больш за 200 тыс. рублёў – проста вялізная сума як на тыя часы. Дарэчы, арыгінальнасць той аперацыі заключаецца ў тым, што ўпершыню ў сусветнай гісторыі ў ёй прынялі ўдзел пазнейшыя прэм’ер-міністры Польшчы, якія ў 1920-30-я гады ўзначальвалі ўрады краіны: Юзэф Пілсудскі, Валеры Славэк, Аляксандр Прыстар і Томаш Арцішэўскі. Аперацыю каля станцыі Безданы ў польскай гістарыяграфіі называюць «нападам чатыром прэм'ер-міністраў».
Але перад гэтай аперацыяй была праведзеная менш вядомая акцыя, у выніку якой польскія сацыялісты скралі 37 тыс. царскіх рублёў. Дарэчы, гэта таксама немалая сума як на тыя часы. Пра напад на царскі цягнік расказвае адзін з яго ўдзельнікаў Ян Квапіньскі – член Польскай сацыялістычнай партыі, апошні мэр даваеннай Лодзі, які пасля вайны застаўся ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі. Архіўны запіс Польскай службы Радыё «Свабодная Еўропа» з 1963 года. Тады Яну Квапіньскаму было 78 гадоў.
- Будучы маладым рабочым, я далучыўся да рэвалюцыі 1905 года і барацьбы з царскімі ўладамі. У той час у Кракаве я сустрэў Юзэфа Пілсудскага і паводле яго рэкамендацыі стаў членам баявой арганізацыі Польскай сацпартыі. Найбольш вядомай акцыяй лодзінскай баявой арганізацыі ПСП быў напад на цягнік на станцыі Рогаў каля Лодзі. Польшча знаходзілася пад жорсткімі рэпрэсіямі царскіх жандараў, казакоў і чыноўнікаў. Рэпрэсіўны апарат, парадаксальна, утрымліваўся за польскія ж грошы, які ішлі з падаткаў. Мы прынялі рашэнне канфіскаваць гэтыя грошы і накіраваць іх на барацьбу з царскім рэжымам.
Камандаваў аперацыяй вядомы рэвалюцыянер Юзэф Монтвіл-Мірэцкі, які аднак праз нейкі час быў схоплены царскімі ўладамі і павешаны ў Варшаве ў 1908 годзе. Агулам у акцыі ўдзел прыняло больш за 50 рэвалюцыянераў, якія былі ўзброеныя рэвальверамі ды фінскімі нажамі.
Акцыя была праведзеная 8 лістапада 1906 года каля 20.00 гадзіны. Увесь атрад быў падзелены на некалькі меншых груп, якія захапілі паштовы вагон, будынак станцыі, паравоз, а таксама абясшкодзілі ахову і жандараў. У выніку перастрэлкі і выбуху кінутай сацыялістамі ў вагон бомбы загінуў адзін жандар, а 13 салдат, тры паштовыя чыноўнікі і два агенты Ахранкі былі параненыя. Ніхто з рэвалюцыянераў не пацярпеў.
На наступны дзень усе ўдзельнікі аперацыі, якія былі лодзінскімі рабочымі, прыйшлі на фабрыкі і заводы на рабочую змену на 6-ю гадзіну раніцы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл