Учора ў Польшчы закончылася кампанія пад назваю «Незалежная ў нас у крыві». Яе арганізатары заахвочвалі жыхароў Польшчы станавіцца донарамі, каб такім чынам ушанаваць гадавіну дзяржаўнай незалежнасці краіны.
У панядзелак у Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя, на якой арганізатары падвялі вынікі акцыі «Незалежная ў нас у крыві». З 1 верасня да 18 лістапада донары аддалі больш за 2 тыс. літраў крыві. Кампанію наладзіла Асацыяцыя ганаровых донараў крыві «Легіён» і Ваенны выдавецкі інстытут, які выдае штомесячны часопіс «Польшча ўзброеная» (Polska Zbrojna).
Упершыню акцыя адбылася год таму, з нагоды сотай гадавіны ўзнаўлення дзяржаўнай незалежнасці Польшчы. Ідэя ініцыятывы – спалучыць адзначэнне гадавіны незалежнасці з ганаровым донарствам, якое служыць жыхарам Польшчы. Донарства крыві – гэта вельмі важная грамадская справа, паколькі кроў з’яўляецца лякарствам, якое немагчыма атрымаць штучным чынам, а яна патрэбная пры многіх захворваннях, запас крыві неабходны падчас правядзення, між іншым, хірургічных аперацый. У многіх шпіталях не хапае крыві, асабліва рэдкіх груп.
У рамках кампаніі «Незалежная ў нас у крыві» донары маглі аддаваць кроў з 1 верасня. Учора дырэктар Ваеннага выдавецкага інстытуту Мацей Падчаскі падвёў вынікі акцыі. Праўда, ён адзначыў, што панядзелак – гэта апошні дзень кампаніі, таму яе вынікі могуць крыху змяніцца.
- Мы зладзілі 61 акцыю донарства крыві, падчас якіх было сабрана звыш 830 літраў крыві. Адна тысяча пяцьсот шэсцьдзесят адзін удзельнік кампаніі зарэгістраваў на сайце 2485 здачаў крыві. Такім чынам колькасць сабранай крыві павялічылася на адну тысячу сто трыццаць чатыры літры. Агулам нам удалося сабраць звыш двух тысяч дванаццаці літраў крыві.
Донарская кроў дапамагае розным людзям, яна патрэбная ў канкрэтных выпадках. У Польшчы існуе адмысловая сістэма пошуку донараў, якая называецца Сірэна Легіёну, інакш – Сістэма рэагавання на заклікі аддаваць кроў. Сістэма дазваляе лепш распараджацца донарскай крывёй. Пра гэта казаў старшыня Таварыства ганаровых донараў крыві «Легіён» сяржант Робэрт Кавалеўскі.
- Толькі цяпер, калі гэтая сістэма пачынае працаваць, пачынае дапамагаць, калі мы ў стане наладзіць непасрэдны кантакт з донарамі крыві, толькі цяпер многія людзі пачынаюць разумець, у чым яны ўдзельнічаюць, на колькі гэтая дапамога важная. Часам яны кажуць, што іх дапамога невялікая, яны толькі перадаюць інфармацыю. Аднак тут сітуацыя падобная, як з кропляй крыві: адна кропля – гэта няшмат, але шмат кропляў крыві ратуе шмат жыццяў. Кожны ўдзельнік уносіць свой уклад у тое, каб сістэма развівалася.
Кіраўнік Упраўлення па пытаннях ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык (Jan Józef Kasprzyk) падкрэсліваў, што донарская кроў можа быць патрэбная таксама ветэранам змагання за незалежнасць Польшчы.
- Вы цудоўна і выдатна ажыццяўляеце ідэю патрыятызму ў мірныя часы, калі вы аддаяце кроў іншаму чалавеку. Вы не праліваеце сваёй крыві на полі бою і барыкадах, паколькі ў нашы часы няма такой неабходнасці. Тым не менш, вы аддаяце сваю кроў, ведаючы, што камусьці яна неабходная, хтосьці яе чакае. Гэтая кроў, як спяваў рэпер Боскі Раман (Bosski Roman), ратуе мільёны жыццяў.
Ганаровы патранат над кампаніяй «Незалежная ў нас у крыві» узяў на сябе міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак. Падчас урачыстасці падвядзення вынікаў акцыі былі ўручаныя таксама дзяржаўныя ўзнагароды ганаровым донарам крыві. Асацыяцыя ганаровых донараў крыві «Легіён» узнагародзіла таксама ўстановы, фірмы і асобы, якія ўключыліся ў падтрымку акцыі.
Здача крыві ў Польшчы можа адбывацца толькі паводле прынцыпу бязвыплатнага донарства. Донар атрымлівае ўзамен аднаразовае харчаванне, якое адпавядае 4,5 тыс. калорый (гэта восем шакаладак, сок і вафельны батончык). У дзень здачы крыві донар можа таксама звольніцца з працы з захаваннем зарплаты за дадзены дзень. Нагадаем, што Беларусь таксама гатовая перайсці на цалкам бязвыплатнае донарства з 1 студзеня будучага году.
нг