Беларуская Служба

У адным з польскіх горных гарадоў забаранілі пускаць феерверкі на Новы год

31.12.2019 09:00
31 снежня, калі ў большасці краін жыхары рыхтуюцца да святкавання прыходу Новага году, цешацца далёка не ўсе людзі.
Аўдыё
  ,
Феерверкі прыгожа выглядаюць, але могуць быць прычынай пакуты людзей і жывёлыфота: Pixabay.com/BuiDacNinh/CC0

У Польшчы можна запускаць феерверкі толькі некалькі дзён на працягу году, такімі днямі з’яўляюцца між іншым 31 снежня і 1 студзеня. Аднак у некаторых гарадах нават у навагоднюю ноч нельга гэта рабіць у грамадскіх месцах.

31 снежня, калі ў большасці краін жыхары рыхтуюцца да святкавання прыходу Новага году, цешацца далёка не ўсе людзі. Па традыцыі ў навагоднюю ноч людзі радуюцца, п’ць, віншуюць адзін аднаго і запускаюць у неба феерверкі ўсіх колераў вясёлкі. Для большасці жыхароў нашых краін, як Польшчы, так і Беларусі, гэта цікавая і радасная традыцыя, але не для ўсіх. Напрыклад, нядаўна ў польскае друкаванае выданне прыслала ліст жанчына, якая жыве ў вялікім горадзе і з’яўляецца мамай трохгадовай дзяўчынкі-інваліда. Дзіця цяжка хворае, яно можа не дажыць наступнага Новага году. Кожны дзень маці змагаецца за яго выжыванне, а найгоршы час для яе – менавіта ноч з 31 снежня на 1 студзеня, калі ўсе навокал святкуюць. Жанчына піша, што яе дачка жахліва баіцца шуму, які выклікаюць феерверкі, ад гэтага ў яе здараюцца вельмі моцныя прыступы эпілепсіі, якія немагчыма спыніць лякарствамі. Мама стараецца заглушыць гукі і бляск усімі даступнымі спосабамі – зачыняе вокны і завешвае іх коўдрамі, але шум і так даходзіць звонку. Таму яна просіць па меры магчымасці як найменш запускаць у неба феерверкі або зусім ад гэтага адмовіцца.

Не толькі малыя ды хворыя дзеці не разумеюць, што шумныя феерверкі – гэта толькі мірная традыцыя, а не пачатак чагосьці вельмі дрэннага. Яны даводзяць да стану панікі таксама шматлікіх жывёлаў, як хатніх, так і дзікіх. Уладальнікі сабак ведаюць, пра што ідзе гаворка. Некаторыя стараюцца не выхадзіць з дому са сваім сабакам не толькі ў навагоднюю ноч, але таксама вечарам 31 снежня і днём 1 студзеня, калі ад гучных выбухаў навагодніх агней жывёлу ахоплівае панічны страх, яна гатовая ўцячы, куды толькі вочы глядзяць. І шмат сабак губляецца ў гэтыя дні, іх пазней шукаюць уладальнікі, развешваючы аб’явы на ўсіх слупах. Яшчэ горш сябе адчувае дзікая жывёла, у якой няма дому, дзе можна схавацца. Таму ўлады польскага гораду Закапанэ, які знаходзіцца ў гарах Татрах, прынялі ўхвалу, якая забараняе ўжываць феерверкі на працягу ўсяго году, без выключэнняў.

Закапанэ – гэта выключна папулярнае месца сустрэчы Новага году. Менавіта там Польскае тэлебачанне ладзіць навагодні канцэрт, туды прыязджаюць тысячы жыхароў іншых гарадоў Польшчы, каб сустрэць Новы год. Дарэчы, Закапанэ таксама папулярнае сярод турыстаў з Беларусі як месца адпачынку. Таму, канешне, не ўсім падабаецца забарона, хоць яна не датычыць прыватных сядзібаў. Турысты хацелі б святкаваць на поўную катушку, без ніякіх «але». Цешыцца затое кіраўніцтва Нацыянальнага парку Татры.

Па словах краязнаўцы з Нацыянальнага парку Татры Яна Кшэптоўскага-Сабалы, Закапанэ аддзяляе ад заказніка адміністрацыйная мяжа, але прырода не ведае такіх межаў. Ён нагадвае, што парк ужо некалькі гадоў вядзе адукацыйную работу, просіць турыстаў і жыхароў, каб яны не стралялі ў Новы год, паколькі стрэлы пужаюць жывёлу.

- Былі выпадкі, калі ў Татрах стрэлы пужалі дзікіх коз. Раз яны ў паніцы пачалі несціся па гарах, у выніку чаго сышла снежная лавіна. Загінула 14 коз. Так што феерверкі могуць быць небяспечныя не толькі для паасобных звяроў, але нават для цэлага статку.

Некаторыя мяркуюць, што прыняты дакумент нічога не зменіць. Ён забараняе запускаць феерверкі ў грамадскіх месцах – у парках, скверах, на вуліцах. У сваю чаргу на прыватнай тэрыторыі надалей можна будзе гэта рабіць, – нагадвае дэпутат мясцовай рады Тыматэуш Мруз.

- Забарона не ахоплівае прыватнай тэрыторыі, паколькі польскае заканадаўства не дазваляе абмяжоўваць грамадству яго свабоду ў дадзеным плане. Тым не менш, мы, дэпутаты рады гораду Закапанэ, выразілі адназначна сваю пазіцыю – мы не жадаем, каб хто-небудзь такім чынам святкаваў надыход Новага году або іншы момант у годзе.

Дэпутаты мясцовай гарадской рады і прыродазнаўцы з Нацыянальнага парку Татры спадзяюцца, што турысты і жыхары зразумеюць іх просьбы і не будуць пускаць феерверкі ў навагоднюю ноч.

ІАР ПР/нг