Польскія наймальнікі заклікаюць кіроўныя структуры сваёй дзяржавы, каб яны падоўжылі з 6 да 12 месяцаў перыяд, на які іншаземцы могуць быць легальна працаўладкаваныя ў Польшчы.
Эканамічная сітуацыя ў Польшчы дазваляе працаваць практычна ўсім, хто мае кваліфікацыю і жаданне прадаць працу сваіх рук або галавы. Беспрацоўе ў краіне апошнім часам крыху вырасла, але і так яно на гістарычна нізкім узроўні – каля 5%. Польскія наймальнікі ўжо нейкі час таму пачалі скардзіцца, што ім не хапае працоўных рук, таму яны з надзеяй пазіраюць на замежныя рынкі, адкуль маглі б прыцягнуць супрацоўнікаў. А паколькі гаворка часцей за ўсё ідзе пра танную рабочую сілу, то працадаўцы спадзяюцца перш за ўсё на працаўнікоў з-за ўсходняй мяжы – з Украіны, Беларусі ці Расіі.
Іншаземцы-грамадзяне краін Еўрапейскага саюзу могуць працаваць у Польшчы без неабходнасці атрымання дазволу на працу. Астатнія павінны раздабыць такі дакумент. Нягледзячы на тое, што ўлады прымаюць меры ў напрамку максімальнага спрашчэння дадзенай працэдуры, наймальнікі звяртаюцца да кіруючых, каб яны ўвялі большыя змены ў закон аб працы іншаземцаў. Па словах Гжэгажа Бачэўскага, генеральнага дырэктара Канфедэрацыі Lewiatan (яна гуртуе наймальнікаў), гаворка ідзе перш за ўсё пра тое, каб іншаземцы, якія прыязджаюць у Польшчу ў пошуках працы, маглі атрымаць легальнае працаўладкаванне, і каб працэдура не была надта складанай:
- На жаль, вельмі доўга неабходна чакаць атрымання дазволу на працу. Гэты перыяд не ўсюды аднолькавы, сітуацыя розная, у залежнасці ад ваяводства, але і так дадзены перыяд значна даўжэйшы, чым павінен быць. У выніку многія іншаземцы не чакаюць легальнага дазволу, пачынаюць працаваць нелегальна. Акрамя таго, нелегальна працуюць таксама тыя асобы, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі падчас атрымання легальнага дазволу – яны самі або працадаўцы, якія намерваліся іх прыняць на працу.
На польскім рынку працы самую вялікую групу іншаземцаў складаюць грамадзяне суседніх краін, перш за ўсё Украіны. Каля паловы ўсіх працуючых у Польшчы замежнікаў – менавіта ўкраінцы. На другім месцы ідуць грамадзяне Беларусі – прыкладна 6%. Каб прыняць на працу замежніка, польскі наймальнік павінен выдаць яму заяву аб намеры даверыць яму выкананне працоўнага абавязку. Такі дакумент сапраўдны цягам шасці месяцаў. Працадаўцы заклікаюць урад, каб гэты тэрмін быў падоўжаны – з шасці да дванаццаці месяцаў. Працягвае Гжэгаж Бачэўскі:
- Дадзеная сістэма заяваў ад працадаўцаў сябе апраўдала – яна дазваляе прыцягнуць на польскі рынак працы значна больш іншаземцаў з-за ўсходняй мяжы. Тым не менш, шэсць месяцаў – гэта мала. Працаўнік толькі прывыкне да працы, уцягнецца, а ўжо яму трэба вяртацца на Айчыну. І толькі праз нейкі час яго зноў можна будзе прыняць на працу. Гэтае абмежаванне не мае сэнсу, калі ўзяць пад увагу тое, як наладжаны рынак працы ў Польшчы і тое, як выглядае ў Польшчы дэмаграфія. Нам пазарэз патрэбныя працаўнікі, асабліва тыя, хто ўжо пажыў у Польшчы, нейкі час тут працаваў, ведае, як выглядае тут працэс вытворчасці.
На зварот наймальнікаў адказала міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг. Яна адзначыла, што працягваюцца міжведамасныя перамовы наконт міграцыйнай палітыкі. Аднак яны яшчэ знаходзяцца на такім этапе, што нельга інфармаваць пра канкрэтныя вырашэнні.
- Мы праводзім аналіз, працягваюцца перамовы паміж рознымі міністэрствамі. Міграцыйная палітыка – гэта важны выклік для нашай дзяржавы. Так што мы працуем над дадзеным пытаннем, але гэта яшчэ не той этап, калі мы можам паведаміць грамадству падрабязнасці, у якім напрамку пойдуць змены. Тым не менш, я думаю, што змены будуць, і то ў хуткім часе.
У якіх галінах працуюць іншаземцы ў Польшчы? Гэта між іншым будаўніцтва, гастраномія, транспарт ды паслугі. Большасць асобаў з-за мяжы, якія прыбываюць у краіну ў пошуках працы, гэта маладыя людзі. 300 тыс. з іх складаюць асобы, якім менш за 40 гадоў. Гэта прыкладна тры чацвёртыя ўсіх легальна працаўладкаваных замежнікаў на польскім рынку працы, якія прыехалі з дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі ЕС.
нг