«Разам для вады – Common Work for Water» – гэта лозунг сёлетняга Сусветнага дня вады. Гэты дзень штогод адзначаецца ў цэлым свеце 22 сакавіка. У гэтым годзе асаблівая ўвага звяртаецца на адукацыю на тэму вады, як аднаго з асноўных элементаў прыроды, які вырашае пра існаванне жыцця на Зямлі.
Польская экалагічная арганізацыя «Клуб Гая» планавала правесці міжнародную канферэнцыю ў польскіх Катавіцах, але па прычыне пандэміі яна адкліканая. Гэта, аднак, не адмяняе патрэбы гаварыць і дыскутаваць пра ваду. Мы паразмаўлялі са старшынёй «Клубу Гая» Яцэкам Божэкам.
- Вы добра сказалі, што нельга адмовіцца ад некаторых рэчаў. Мы не можам адмовіцца ад вады, ад чыстага паветра, ад прадуктаў харчавання. Таксама мы не можам адмовіцца ад погляду ў будучыню – як нашая планета, усё вакол нас павінна выглядаць. Тым больш, што ўсё, што адбываецца вакол нас вельмі добра паказвае, што мы патрэбныя адзін адному. Што чыстая планета, чыстая вада, чыстае паветра з’яўляюцца для нас неабходнымі. Мы звяртаем увагу, што мы, як чалавецтва, пераможам усе гэтыя хваробы. У сваю чаргу перад намі надалей будуць стаяць іншыя выклікі – як захаваць ваду для нас і для будучых пакаленняў. Думаю, што досвед, які мы цяпер атрымліваем, вельмі нам прыдасца, бо мы паглядзім, што для дабра будучыні мы павінны супрацоўнічаць. Мы ў гэтым годзе будзем казаць: супраца, супраца, супраца.
Глабальная супраца – вельмі вялікі выклік. Калі паглядзець на глабальныя намаганні ў барацьбе са смогам, то можна мець сумневы пра яе эфектыўнасць. Калі казаць пра ваду, якія крокі неабходна было б прадпрыняць.
- Тут трэба пачаць ад простых рэчаў. Трэба пачаць ад адукацыі, каб кожны ведаў, што залежыць канкрэтна ад яго. Там, дзе гэта магчыма, ашчаджаць ваду. Калі нехта мае лужкі каля дому, то павінен пачаць чытаць, як затрымліваць ваду. Ваду трэба затрымліваць як мага бліжэй нашых дамоў, нельга ад яе пазбаўляцца. А калі казаць пра міжнародную супрацу, то вельмі важнымі з’яўляюцца рэкі. Многімі рэкамі карыстаецца некалькі дзяржаваў – і ў Азіі, і ў Еўропе. Мы павінны засяродзіцца над тым, каб у іх была чыстая вада. Пра гэта гаворыць закон Еўразвязу. Многае залежыць ад добрай волі, ад супрацы не толькі дзяржаваў, але і фірмаў, бізнесу, звычайных грамадзян. Гэтыя рэкі нам неабходныя.
Што змянілася за год, ад леташняга Сусветнага дня вады?
- У гэтым цяжкім часе я не павінен наракаць, але мушу. Прайшоў год, а сітуацыя з вадой не стала лепшай. Суша, якая нас чакае ў гэтым годзе, можа быць вельмі сур’ёзнай праблемай для фермераў. Мы гаворым пра гэта гадамі. Гаворым, што трэба змяніць падыход да прыроды. Гэта адбудова балотаў, поймаў рэк. Гэта вельмі важна. Мы тэхнічна не ў стане правесці ваду ў кожнае месца, бо гэта каштавала бы мільярды. Мы павінны пачаць ад малых рэчаў – ад адбудовы лясоў, ад таго, што мы замянілі на паркінгі, на дарогі. Як мага больш садзіць, рабіць як мага больш зялёных дахаў. Тэхналогіі ёсць, але цяпер патрэбная палітычная згода.
Прафесар Пётр Скубала з Факультэту прыродазнаўчых навук Сілескага ўніверсітэту ў Катавіцах адзначае, што каля 40% насельніцтва Зямлі пакутуе ад недахопу вады:
- Гэтая сітуацыя, на жаль, будзе пагаршацца, паколькі мы робім шмат, каб так было. Чарговыя навуковыя рапарты і аналізы пра жыццё ў акіянах і іншых вадаёмах з году ў год пагаршаюцца. Жыццё ў вадзе ўвайшло ў этап вымірання, якое выклікана ўмяшальніцтвам чалавека. Галоўныя крыніцы пагрозаў – гэта змены клімату, празмернае рыбалоўства, забруджанне навакольнага асяроддзя. Найбольш прыгнятае факт, што змены назіраюцца на цэлай планеце, а тэмп гэтых зменаў набірае хуткасці.
Паводле прафесара, рэалізоўваюцца самыя чорныя сцэнары. Крокі, якія трэба было б прадпрыняць, каб стрымаць некарысныя працэсы, ахопліваюць рэзкае змяншэнне колькасці цяплічных газаў, затрыманне празмернага рыбалоўства, змяншэнне спуску ў рэкі забруджанняў, у тым ліку сельскагаспадарчых угнаенняў.
ав