Беларуская Служба

Вадарод з'яўляецца палівам будучыні

03.07.2020 08:01
Аўдыё
  • Вадарод з'яўляецца палівам будучыні
 .
Ілюстрацыйны здымак.Toby_Parsons/pixabay.com/CC0

Бруднае паветра ў польскіх гарадах перашкаджае ўсім, але не кожны хоча зрабіць прынамсі некалькі крокаў для паляпшэння якасці паветра. У якой ступені прыватны транспарт адказвае за забруджанне паветра ў гарадах, і ці ёсць шанец справіцца з гэтай праблемай? 

Тэме выкідаў, грамадскага транспарту, прыватных аўто і паліва будучыні была прысвечана асобная дэбата на кліматычным саміце TOGETAIR, які прайшоў у Варшаве на мінулым тыдні. Прадстаўнікі розных асяроддзяў – эколагі, міністэрства па справах клімату, аўтамабільнай галіны – агучвалі свой пункт гледжання на тэму ўплыву транспарту на якасць паветра ў гарадах.

Барташ Пілат з арганізацыі Польская смогавая трывога кажа, што, змагаючыся за чыстае паветра ў гарадах, не саромеецца казаць, што ездзіць аўтамабілем. Ён падкрэслівае, што ніхто з экаактывістаў не хоча выкінуць з гарадоў прыватныя аўтамабілі. Паводле яго, асноўнай праблемай гарадоў у Польшчы з’яўляецца празмерная іх колькасць.

-Праблема заключаецца ў тым, што акрамя празмернай колькасці аўтамабіляў у нас вельмі кепскі грамадскі транспарт. Гэта заканчваецца тым, што паўмільёна аўтамабіляў штодзённа ўязджае ў Варшаву. Атрымліваецца, што прыкладна 30% аўто прыязджаюць з-пад Варшавы. Калі б гэтых аўтамабіляў не было (хоць цалкам гэтага зрабіць немагчыма), то рух у сталіцы быў бы круглы год як падчас вакацый, калі амаль ва ўсіх гарадах ездзіцца без праблем. Кепскі калектыўны транспарт з’яўляецца прычынай таго, што адбываецца ў гарадах.

З праведзенага арганізацыяй аналізу вынікае, што ў Кракаве і Варшаве няма месца, дзе б нормы аксіду азоту не былі перавышаныя.

Наступнай праблемай з’яўляецца ўзрост польскіх аўтамабіляў. У сярэднім гэта 12 гадоў прывезенага з-за мяжы аўтамабіля. Паўсюдна вядома, што гэтыя аўтамабілі ў кепскіх тэхнічным стане – кажа Барташ Пілат.

-Амаль у ніводнага аўтамабіля падчас тэхкантролю не правяраюць, якія выхлапы ён выкідвае, у якім стане яго рухавік. Чаму? Бо гэтым нормам больш за 20 гадоў. Аўтамабіль, які павінен выконваць норму Еўра-2 павінен выконваць нормы, як аўтамабіль з Еўра-5. І гэтак далей.

Эксперт дадае, што прапанаваныя імі змены не з’яўляюцца нейкімі радыкальнымі, як вельмі часта хочуць гэта паказаць праціўнікі. Ужо сёння адразу можна забараніць ездзіць па польскіх гарадах аўтамабілям, якія не выконваюць нормы Еўра-3. З даследаванняў у Кракаве выйшла, што такога транспарту менш за 7%.

Іншай прапановай з’яўляецца стварэнне гэтак званых чыстых зон у гарадах, у якія нельга будзе заехаць аўтамабілям, які не выконвае вызначаныя нормы.

Паводле некаторых экспертаў, вырашэнне праблемы забруджанага паветра ляжыць у электракарах і вадародных аўтамабілях. Паводле Яцэка Смычыньскага, прадстаўніка паліўнай кампаніі Orlen, альтэрнатыўным палівам будучыні з’яўляецца вадарод:

-Ад гэтага не ўцячы. Калі прааналізаваць палітыку іншых краін - Партугаліі, Нідерландаў, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, то адразу бачна, у якім напрамку Еўропа пойдзе.

Электрамабільнасць і аўтамабілі з нулявымі выкідамі – гэта мэта, да якой трэба імкнуцца – адзначае старшыня праўлення кампаніі Robert Bosch Рафал Рудзіньскі. Паводле яго, у цэлай гэтай дыскусіі трэба памятаць пра некалькі спраў.

- Па-першае, гэта не вынік моды. Але вынік неабходнасці, каб у нас было што пакінуць наступным пакаленням. Калі забруджванне паветрам будзе адбывацца ў такім тэмпе як цяпер, то пасля нас не будзе чаго збіраць. З другога боку, для такой фірмы як наша – гэта бізнес. Але ў цэлай гэтай дыскусіі трэба быць рэалістамі. Урад кажа, што праз пяць гадоў у Польшчы будзе мільён электрамабіляў і гэта праўда. Але давайце будзем рэалістамі – гэта не так лёгка. Гэта не значыць, што ўсе раптам перасядуць на электрамабілі. У нас мільёны традыцыйных аўтамабіляў – што з імі зрабіць? Хто заплаціць за такія аўтамабілі? Даплата на ўзроўні 18 тысяч злотых (4500 долараў) пры найменшай цане каля 100 тысяч злотых (25 тысяч долараў) – хто з палякаў зможа сабе дазволіць такое аўто? Яшчэ 15-20 гадоў будуць выпускацца традыцыйныя аўтамабілі. Прадугледжваецца, што ў 2030 годзе 60% новых аўтамабіляў надалей будуць на традыцыйнае паліва. Такім чынам дыскусія на тэму біяпаліваў другога пакалення і сінтэтычнага паліва абгрунтаваная.

Чарговым элементам з’яўляецца інфраструктура. А яшчэ адным – грамадскі аспект.

-Гэта элемент, пра які мы часта забываем, гаворачы пра адзін трэнд: усе перасядзьце на электрамабіль. Аўтамабільная галіна з’яўляецца сёння махавіком сусветнай гаспадаркі. Рухавік традыцыйнага аўтамабіля выпускае 7-10 чалавек. У Польшчы ў гэтай галіне працаўладкаваныя сотні тысяч чалавек. Акумулятары для электрамабіля выпускае адзін чалавек. Ці ў выпадку, калі мы будзем вельмі хутка перасядаць выключна на электракары, у нас ёсць адпаведныя праграмы, каб падтрымаць людзей, якія страцяць працу? Гэта грамадская адказнасць.

Удзельнікі дыскусіі на кліматычным саміце ў Варшаве TOGETAIR адзначылі, што праблема бруднага паветра ў польскіх гарадах не мае аднаго канкрэтнага кроку, які б яе вырашыў. У гэтым выпадку патрэбны цэлы комплекс – захады на ўзроўні заканадаўства, свядомасць і ўдзел грамадства, адукацыя.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце