У гарах Бяшчадах вылучаем некалькі хрыбтоў, сярод якіх ёсць таксама горны масіў з дзвюма паланінамі – Вэтліньскай (Połonina Wetlińska) і суседняй Царыньскай (Połonina Caryńska), а таксама з самым высокім пікам Заходніх Бяшчадаў – Тарніцай (Tarnica), вышыня якой складае 1 346 метраў над узроўнем мора.
Панарама з Царыньскай паланіны. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Царыньская паланіна крыху вышэйшая за сваю суседку, Вэтліньскую. Ейны хрыбет цягнецца больш за 4 кіламетры і складаецца з чатырох вяршынь, тры з якіх знаходзяцца на трасе пешаходных маршрутаў.
Панарама з Царыньскай паланіны шырокая, з добра бачным масівам Вялікай Раўкі (Wielka Rawka), суседняй Вэтліньскай паланінaй і групай самых высокіх вяршынь гораў Бяшчады - Тарніцай і Галічам (Halicz).
Панарама з Царыньскай паланіны. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У спрыяльных умовах надвор’я з паланіны можна ўбачыць украінскія горы Гарганы, якія знаходзяцца на адлегласці больш за 100 кіламетраў, а таксама польскія горы Татры, якія знаходзяцца амаль 180 кіламетраў далей.
Паводле розных крыніцаў, назва паланіны ўзялася ад слова „тара”, што з румынскай мовы азначае поле, альбо ад слова „цар”, што можа азначаць месца, якое ляжыць вышэй поля.
Панарама з Царыньскай паланіны. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле іншых крыніцаў, назва Царыньская ўзялася ад неіснуючай ужо вёскі Царыньскае, якая размяшчалася ля падножжа паланіны. Да нашых часоў з былой вёскі захаваліся толькі руіны мураванай капліцы св. Яна і прыцаркоўныя могілкі. Варта дадаць, што з паўночных схілаў паланіны выцякае горная рака, якую называюць Царыньчык (Caryńczyk). Яна ўпадае ў буйнейшую раку Царыньская. У сваю чаргу, на захад ад вёскі знаходзіцца ўзгорак Царыньскі (928 метраў над узроўнем мора). Так што, аднясенняў да назвы паланіны ў ваколіцы сапраўды шмат.
Царыньская паланінa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Яшчэ ў міжваенны перыяд тут праводзілі інтэнсіўны выпас жывёлы. Цяпер Царыньская паланіна знаходзіцца пад аховай Нацыянальнага Бяшчадскага парку.
Пешшу можна дабрацца на паланіну практычна з усіх яе бакоў. Гэта магчыма дзякуючы Галоўнай бескідскай сцежцы (чырвонай), якая праходзіць па хрыбце паланіны з Бжэгаў Гурных (Brzegi Górne) да Устшык Дольных (Ustrzyki Dolne), а таксама зялёнай сцежцы, якая вядзе з Выжняньскага перавала (Przełęcz Wyżniańska) і на версе паланіны перасякаецца з чырвоным шляхам.
Cтаянкa на Выжняньскім перавале. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Дарэчы, шлях з Выжняньскага перавала самы кароткі. Карыстаючыся гэтым маршрутам, мы можам вельмі хутка апынуцца на хрыбце Царыньскай паланіны і палюбавацца адным з самых цікавых месцаў у Высокіх Бяшчадах.
Калі мы хочам адправіцца на паланіну па згаданай зялёнай сцежцы, можам пакінуць аўтамабіль на платнай стаянцы на Выжняньскім перавале. Сцежка вядзе праз прыгожыя, маляўнічыя лугі, пасля якіх мы ўваходзім у лес. Па дарозе ёсць некалькі драўляных лавак, на якіх можна адпачыць, падсілкавацца, а таксама палюбавацца панарамай Выжняньскага перавала, Малой і Вялікай Раўкі. Заканчваецца лес і пачынаецца ніжняя частка паланіны. Прыкладна праз 20 хвілінаў дабіраемся да хрыбта Царыньскай паланіны.
Царыньская паланінa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адсюль мы можам ісці па чырвонай сцежцы ўздоўж хрыбта на ўсход і спусціцца па зялёнай сцежцы да перавала Царыньскі пшыслуп альбо па чырвонай сцежцы да Устшык Гурных (Ustrzyki Górne). З гэтага месца ў адлегласці 10 хвілін пехатой на захад знаходзіцца найвышэйшы пункт паланіны.
Царыньская паланінa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Спускаемся ўніз па чырвонай сцежцы да вёскі Бжэгі Гурнэ – гэта, бадай, найбольш маляўнічы шлях. Дарога нейкі час вядзе па хрыбце паланіны, а пазней паварочвае налева. Там знаходзіцца крыніца, якая адыгрывала вельмі важную ролю ў часы выпасу авечак у гэтых раёнах. Вузкай сцяжынкай даходзім да лесу. З гэтага месца варта яшчэ раз азірнуцца на маляўнічы хрыбет паланіны.
Панарама з Царыньскай паланіны. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Далей шлях вядзе праз лес. Ён даволі цікавы і маляўнічы. Прыкладна ў палове дарогі знаходзіцца драўляны навес для турыстаў, у якім можна адпачыць і перакусіць.
Царыньская паланінa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Сцежка спускаецца ўніз лагодна. Калі заканчваецца лес, пачынаецца агароджаная тэрыторыя былых грэка-каталіцкіх могілак. Тут знаходзіцца каля дзясятка надмагілляў. Астатнія былі знішчаныя ў 1960-ых гадах - яны былі выкарыстаны пры будаўніцтве дарогі.
На прыцаркоўных могілках знаходзіцца таксама падмурак былой царквы.
Царыньская паланінa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
З вёскі Бжэгі Гурнэ (укр. Бэрэгы) мы павінны дабрацца назад да свайго аўтамабіля. У турыстычным сезоне можна скарыстацца аўтобусамі, якія курсуюць паміж уваходамі на папулярныя шляхі. Калі гэткай магчымасці не будзе, на стаянку на Выжняньскім перавале, дзе мы пакінулі наш аўтамабіль, трэба дабрацца пешшу – гэта каля 3 кіламетраў.
Царыньская паланінa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Царыньская паланіна - гэта вельмі папулярнае сярод турыстаў месца ў Бяшчадах. Аднак, калі мы адправімся ў дарогу раніцай, то можам пазбегнуць натоўпу турыстаў на шляху.
Панарама з Царыньскай паланіны. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Зверху паланіны на ўсе бакі адкрываецца цудоўная, велізарная панарама гораў Бяшчадаў.
Панарама з Царыньскай паланіны. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Анна Задрожна