Беларуская Служба

Культаваму польскаму аўтамабілю споўнілася 53 гады

12.12.2020 06:58
Агулам было выпушчана 1 млн 445 тыс. 699 экзэмпляраў розных версій і мадыфікацый Фіята-125П.
Аўдыё
  • Культаваму польскаму аўтамабілю споўнілася 53 гады
Fiat 125p
Fiat 125p/Grzegorz Czapski/ shutterstock

Нядаўна культавы польскі аўтамабіль адзначыў сваю чарговую гадавіну: 28 лістапада споўнілася 53 гады Фіяту-125П. Гэтае легендарнае аўто, якое ў даўнія часы было марай многіх палякаў, і цяпер карыстаецца немалым зацікаўленнем сярод аўтааматараў.
28 лістапада 1967 года з канвеера Варшаўскага завода легкавых аўтамабіляў сышоў першы Фіят-125П. Літара «П» у назве азначае «польскі», таму што першапачаткова гэта была італьянская канструкцыя.

Да 1960-х гадоў на вуліцах польскіх гарадоў і сёлаў, калі казаць пра айчынныя аўтамабілі, можна было сустрэць выключна машыны «Варшава» і «Сырэна». Тады ўлады ПНР вырашылі, што прыйшоў час на новы сучасны аўтамабіль. І так, у 1965 годзе Варшава падпісала з італьянскім «Фіятам» пагадненне аб ліцэнзійнай вытворчасці 125-й мадэлі, якая ў тыя часы была адным з сучасных еўрапейскіх аўтамабіляў.


Polski Fiat 125p Polski Fiat 125p

З часам польскія інжынеры ўвялі свае элементы ў канструкцыю. Дарэчы, амаль на самым пачатку прыйшлося ўзмацніць алейны паддон. Справа ў тым, што пазнаёміцца з новай машынай прыехаў тагачасны прэм'ер-міністр Польшчы Юзэф Цыранкевіч, які, дарэчы, быў аўтааматарам і сам любіў кіраваць аўтамабілямі. Прычым, як згадваюць сучаснікі, любіў ён пракаціцца з вецярком. І вось, Цыранкевіч сеў за руль новага «Фіята» і здарылася паломка, згадваў праз гады Эдвард Петшак, шматгадовы дырэктар варшаўскага завода.

- У нас была выпрабавальная траса, і ён некалькі разоў праехаў па гэтай трасе ды зачапіў за алейны паддон, які трэснуў.

Фіят-125П быў даступны не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах. Найбольш на экспарт было пастаўлена ў Югаславію. Таксама варшаўскае прадпрыемства прадавала свае аўто ў Чэхаславакію, Венгрыю і іншыя краіны сацлагера. Больш за тое, польскую машыну можна было ўбачыць і ў капіталістычных дзяржавах: 50 тыс. аўтамабіляў было пастаўлена ў Вялікабрытанію.

У Вялікабрытаніі і Ірландыі (дзе ён быў даступны з правым рулём з 1975 года) Фіят-125П быў самым танным аўтамабілем на рынку – коштам усяго каля 3 тыс. фунтаў у 1991 годзе. Ён быў добра вядомы за свой стыль 1960-х гадоў, а таксама трывалыя і зручныя сядзення, абабітыя штучнай скурай. Тэхнічна машына была трывалай і надзейнай. Мінусам быў кузаў аўтамабіля, які вырабляўся з вельмі няякаснай сталі і быў надзвычай схільны да іржы.
У Польшчы аўтамабіль быў вельмі папулярны сярод таксістаў. Дарэчы, з-за вуглаватай формы палякі называлі яго пяшчотна «камодам» альбо менавіта «вуглом».

У 1983 годзе, калі закончылася італьянская ліцэнзія на вытворчасць аўтамабіля, ён выпускаўся пад назвай FSO (Fabryka Samochodów Osobowych) – гэта абрэвіятура назвы варшаўскага аўтазавода.

Пачынаючы з 28 лістапада 1967 года, калі завод пакінуў першы экзэмпляр, да 29 чэрвеня 1991 года, калі закончылася вытворчасць аўто, было выпушчана 1 млн 445 тыс. 699 экзэмпляраў розных версій і мадыфікацый машыны.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу