Беларуская Служба

17 студзеня 1945 года была вызваленая Варшава

22.01.2021 19:57
Многія не дачакаліся вызвалення сталіцы, а для тых, хто дачакаўся, дзень 17 студзеня стаў сапраўдным святам.
Аўдыё
  • 17 студзеня 1945 года была вызваленая Варшава
19  1945      17      1-
19 студзеня 1945 года па Ерусалімскай алеі вызваленай 17 студзеня Варшавы прайшоў парад салдат 1-й арміі Войска ПольскагаNarodowe Archiwum Cyfrowe

17 студзеня 1945 года знішчаную Варшаву вызвалілі салдаты 1-й арміі Войска Польскага пры падтрымцы Чырвонай арміі. Калі немцы ўцякалі з польскай сталіцы, горада практычна не было – засталіся адны руіны. Сярод вызваленых быў Уладзіслаў Шпільман – вядомы польскі кампазітар, габрэй па нацыянальнасці, які шмат месяцаў хаваўся ў гарадскіх руінах. Яго гісторыя паказаная ў славутым оскараносным фільме «Піяніст» Рамана Палянскага. Вось як ён пазней успамінаў момант вызвалення.

- Жыццё ў руінах было вельмі цяжкім, увесь час я быў самотны. Цягам паўгода я ўвогуле не размаўляў, бо не было з кім. Мне ўдалося выжыць, гэты дзень нарэшце надыйшоў. Гэты дзень я добра памятаю – 17 студзеня 1945 года. Я, дарэчы, не здагадваўся, што Варшава ўжо свабодная. Я прачнуўся 20 студзеня і заўважыў нейкі рух на вуліцы, гоман. Я падышоў да вакна, убачыў вызваленую Варшаву і расплакаўся. Нарэшце адчуў сябе свабодным.

Пра тое, што Варшава падчас вызвалення была знішчаная, расказваў Польскаму радыё адзін са сведкаў тагачасных падзей, салдат 1-й арміі Войска Польскага.

- Варшава выглядала жахліва – цалкам вымерлы, знішчаны горад пад слоем снегу. Дзе-нідзе былі чутны выбухі – гэта сапёры знішчалі міны, якія пакінулі немцы. Адным словам, былі бачныя толькі руіны.

Варшаўская аперацыя працягвалася з 14 па 17 студзеня 1945 года. У ёй прымалі ўдзел падраздзяленні 1-й арміі Войска Польскага і 47-я і 61-я арміі 1-га Беларускага фронту. Вызваленне Варшавы праходзіла ў рамках вялікай аперацыі, пачатай Чырвонай арміяй 12 студзеня. У выніку акружэння быў створаны так званы варшаўскі кацёл, у які трапіла 9-я нямецкая армія.

Баі ў левабярэжнай Варшаве працягваліся некалькі гадзін, таму што нямецкае камандаванне, баючыся, што войска можа трапіць у акружэнне, вывела з гораду асноўныя сілы. 19 студзеня па Ерусалімскай алеі прайшоў парад салдат 1-й арміі Войска Польскага.

Дарэчы, правабярэжная Варшава была вызваленая летам. Аднак у сувязі з тым, што сілы Чырвонай арміі і Войска Польскага былі аслабленыя баямі і неабходным было перафарміраванне, яны не дапамаглі Варшаўскаму паўстанню, якое пачалося 1 жніўня 1944 года па леваму баку Віслы. Чырвоная армія і яе саюзнікі-палякі спыніліся на Вісле, заняўшы толькі левы бераг сталіцы.

З іншага боку існуюць сведчанні, што Сталін спецыяльна спыніў наступленне, каб немцы задушылі польскае паўстанне. Гэта каштавала жыцці больш чым 200 тыс. палякаў, у асноўным мірных жыхароў. Праўда, польскія і афіцэры салдаты, якія ваявалі поруч з Чырвонай арміяй, спрабавалі пераправіцца на правы бераг Віслы і дапамагчы паўстанцам, аднак гэтыя спробы не мелі масавага характару і закончыліся паразай.

Многія не дачакаліся вызвалення сталіцы, а для тых, хто дачакаўся, дзень 17 студзеня стаў сапраўдным святам.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу