14 лютага, у Дзень святога Валянціна, зорцы польскай ды міжнароднай эстрады Анне Герман споўнілася б 85 гадоў. Спявачка нарадзілася ў 1936 годзе ў горадзе Ургенч ва Узбекістане. Яе бацькі – нашчадкі нямецка-галадскіх перасяленцаў, якія прыехалі ў Расію ў часы Кацярыны ІІ. Пра гэта, дарэчы, у 1988 годзе ў размове з Польскім радыё згадвала маці артысткі Ірма Мартэнс.
- Я па паходжанні галандка. У першай палове 16-га стагоддзя ў Галандыі быў Мена Сіманс. Ён, як у Германіі Лютэр, аддзяліўся ад каталіцкага касцёла. Людзі, якія прынялі гэтую веру, называюцца менанітамі. З-за гэтага ён і яго паплечнікі пазней трапілі пад пераслед. Ад пераследу яны пачалі ўцякаць у Расію, бо Кацярына ІІ ім дала зямлю. Менаніты пасяліліся ў розных частках імперыі: на Дняпры, на Волзе, на Кубані, нават на Цераку і ў Цэнтральнай Азіі. Яны жылі там, дзе царская Расія давала землі.
У 1937 годзе НКВД расстраляла бацьку Анны Яўгена Германа. У 1942 годзе Ірма Мартэнс выйшла за паляка Германа Бернера, дзякуючы чаму сям’і ўдалося выехаць пасля вайны ў Польшчу.
Пасля заканчэння школы Анна Герман хацела паступаць на аддзяленне жывапісу ў мастацкую ВНУ, але па радзе маці падала дакументы на факультэт геалогіі Уроцлаўскага ўніверсітэта. У студэнцкія гады яна асвоіла некалькі замежных моў. Ян размаўляла, акрамя польскай і рускай, таксама на нямецкай, італьянскай, нідэрландскай і англійскай. Дзяўчына ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці і разам са студэнцкім тэатрам гастралявала па гарадах Польшчы.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1962 годзе яна вырашыла прысвяціць сябе песеннаму мастацтву.
Першым поспехам Герман стала 2-я прэмія на III Міжнародным фестывалі песні ў Сопаце (1963 год), якой яна была ўдастоеная ўзнагароды за выкананне песні «Так мне з гэтым дрэнна». У 1964 годзе шырокую вядомасць ёй прынесла кампазіцыя «Танцуючыя Эўрыдыкі», якая была адзначаная прэміяй Нацыянальнага фестывалю польскай песні ў горадзе Аполе.
У 1965 годзе Ганна Герман атрымала прэмію апольскага фестывалю за песню «Квітнеючая ружа». Годам пазней італьянская фанаграфічная кампанія CDI падпісала з ёй трохгадовы кантракт. У 1967 годзе спявачка ўдзельнічала ў фестывалі ў Сан-Рэма, «Браціслаўскай ліры» ў Чэхаславакіі, Фестывалі неапалітанскай песні ў Неапалі, Міжнароднай музычным кірмашу MIDEM у Канах.
У 1967 годзе яна трапіла ў страшную аўтааварыю ў Італію, пасля якой яна вярнулася на сцэну толькі ў 1970 годзе. Аварыя пахіснула здароўе артысткі. Гаворыцца нават, што гэта было адной з прычын смерці артысткі ад анкалогіі ў 1982 годзе.
Яна была папулярная ў цэлай Еўропе, а ў Савецкім Саюзе мела статус сапраўднай зоркі. Тысячы грамадзян слухалі песні ў яе выкананні, і асабліва – славутую «Надежду».
Яна гастралявала ў дзясятках краін свету, а амерыканскія палякі двойчы прызналі яе самай папулярнай выканаўцай года. У гонар польскай спявачкі ў Расіі і іншых постсавецкіх краінах яе імем названы вуліцы і плошчы. З 1987 года імя Анны Герман носіць амфітэатр у польскім горадзе Зялёна Гуры.
У 2012 годзе на тэлеэкраны выйшаў десяцісерыйны біяграфічны польска-ўкраінскі фільм «Анна Герман. Таямніца белага анёла».
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл